Вы тут

Закінуты свет. Палеская вёска з чаротавымі стрэхамі магла б стаць музеем. Але не

Фота Еўрарадыё

Цішыня. Спёка. Напаўразбураная хата з гняздом буслоў на коміне — такіх у напаўзакінутых беларускіх вёсках на Палессі дзясяткі, калі не сотні. Але вока чапляецца за нязвыклую чаротавую страху. Мы ў Кудрычах.

З тузін гадоў таму пра гэтую вёску пісалі як пра "ўнікальную пярліну Палесся" і "самы аўтэнтычны куток Беларусі". Яе нават збіраліся заканасерваваць для наступных пакаленняў. Але не — музея з Кудрычаў не атрымалася.

 

Тады не было ніводнага даха з шыферам — яны толькі гадоў дваццаць таму з'явіліся

 

Чаротавыя стрэхі, разынку вёскі, пакрысе замяняюць на больш сучасныя, шыферныя. Старыя хаты перабудоўваюцца ў акуратныя лецішчы з роўнымі градкамі ў гародзе і пластыкавымі бутэлькамі на плоце.

"Я нарадзіўся тут у 1948 годзе. На гэтым месцы стаяла наша старая хата: тады не было ніводнага даха з шыферам — яны толькі гадоў дваццаць таму з'явіліся”, — распавядае Еўрарадыё Майсей Коўб. Разам з жонкай Майсей, цяпер пінчанін, праводзіць у Кудрычах кожнае лета. Але па гаспадарцы не дапамагае — тры гады таму перанёс інсульт.

Некалі цяперашняе лецішча Колбаў было пярэдняй часткай вялікай хаты з чаротавым дахам

“У бацькоў было васьмёра дзяцей. Хадзілі ў калгас, але жылі з рыбы, — працягвае Майсей Мікалаевіч. — У кожнага было па дзве-тры лодкі. Вакол вада. Збяромся дзецьмі чалавек сем-восем, сядаем на "чайку" — у кожнага вясло, дваццаць хвілін, і мы ў школе ў Плошчаве. Яшчэ былі большыя лодкі, "дубы", то на іх кароў на пашу вывозілі, ды коней з вазамі".

 

"Закінуты свет" — кажуць пра нас па тэлевізары. А хто яго закінуў — улада?!”

 

Гісторыя Кудрычаў вядомая з сярэдзіны XVI стагоддзя — землямі вакол Пінска тады валодала Бона Сфорца. Мясцовыя мяркуюць, што ў пінскія балоты першыя жыхары вёскі трапілі прымусова — суд пакараў іх высылкай у наспрыяльныя ўмовы. Але неяк яны і тут прыжыліся.

На пачатку 1930-х гадоў да Кудрычаў дабралася навуковая экспедыцыя на чале з амерыканскай даследчыцай Луізай Арнэр Бойд. Здымкі тагачаснай вёскі ёсць у фотаальбоме "Польская правінцыя", які выйшаў ў Нью-Ёрку ў 1937 годзе.

Кудрычы ў аб'ектыве экспедыцыі Луізы Арнер Бойд

Тое, што мы бачым сёння, гуляючы па вёсцы, мала чым нагадвае стылёвыя Кудрычы з 1930-х. Аўтэнтыка змянілася на сайдынг, строгія высокія платы і пластыкавыя вокны — гэта гарадскія пенсіянеры вяртаюцца ў хаты бацькоў ды адаптуюць іх пад сучаснасць. Замест празрыстай вады і даляглядаў да гарызонту “як ніколы” — брудныя смярдзючыя балоты і зараснікі кустоўя ды чароту.

“Тут было чыста-чыста, ніводнага кусціка не было. Іх на дровы рубілі. А цяпер яшчэ месяц — у калодзежы не будзе вады. Вось як паўплывала меліярацыя. Раней глянеш — Курадава, Плошчава, Парахонск — як на далоні. Калі меліярацыя пачалася, забаранілі рубіць лазу. Зарасло ўсё. У агарод лезе. Нельга ж было пайсці ў балота вырубаць кіёк, каб памідоры падвязаць — штраф. Зарасло, запусцілі... "Закінуты свет" — кажуць пра нас па тэлевізары. А хто яго закінуў — улада?!” — эмацыйна распавядае пра праблемы вёскі Майсей Коўб.

Бывала, выйдзеш, узяў кашаля — поўны ўюноў! А цяпер уюна ў Чырвоную кнігу занеслі!

 

Пасля вайны ў Кудрычах было каля 125 двароў. У 1950-я сямнаццаць сямей паддаліся агітацыі і выехалі ў пошуках лепшай долі ў Казахстан падымаць цаліну. Да 90-х Кудрычы жылі па ўласным раскладзе: мясцовыя хадзілі ў калгас на працу, лавілі рыбу, пасвілі гусей і кароў, гадавалі дзяцей, ладзілі танцы і спявалі. У вёсцы была царква (у 1960-я па загадзе ўладаў яе разбурылі), пачатковая школа, крама (школу і краму закрылі). Падчас вялікай вады прама да Кудрычаў з Пінска прыплываў “лапаць” — цеплаход — толькі такім чынам дзеці маглі адведаць бацькоў і пабываць на малой радзіме.

Мы былі прывыкшыя да вады. Калі вады няма, дык нам здаецца, што гэта ўжо і не вясна, — разважае стараста вёскі Майсей Махнавец. — Колькі дзічыны было! Усё прапала. Зрабілі запаведнік. Што ў гэтым запаведніку робіцца? Нічога! Былі развяліся норкі, куніцы. Некалькі ласёў хадзіла. Для начальства. Ну і ўсё. А забараняюць усё на свеце. За рыбу адразу турма. Ужо сёлета ў мясцовых дзве лодкі забралі. У аднаго нічога не было ў лодцы. Дык, маўляў, навошта едзеш лодкай? Перашкаджаеш нераставацца рыбе. Гэта галава ў іх ё? Вучоныя людзі! Спакон вякоў людзі з рыбы жылі, на лодцы ездзілі, нічога не перашкаджала. А тут зрабілі асушку, спустошылі прыроду — усё. Разлівалася вада ад Парэчча да Лунінца. Бывала, выйдзеш, узяў кашаля — поўны ўюноў! А цяпер уюна ў Чырвоную кнігу занеслі!”

 

Майсей Махнавец сочыць за чаротавым дахам, разумее, што для сучаснага свету гэта каштоўнасць

Накасілі чароту ды пакрылі. Кажу, што пакуль жывы, дык няхай пастаіць пару гадоў. Бо пасля нас ніхто не будзе такім чынам крыць стрэхі

 

У 1990-я ў Кудрычы нарэшце праклалі “гравійку” — дарогу са жвіру. Аднак у 2018 годзе ехаць па ёй, разбітай, тая яшчэ прыгода — ад трасы да вёскі даводзіцца трэсціся хвілін 40. Па ёй тры разы на тыдзень вязе ў вёску прадукты аўталаўка.

“Пакуль даедзе, усё растрыбушыцца, хоць і едзе павольна, — кажа жонка старасты, Вольга Мікалаеўна. — Канечне, калі крама была, то ў любы час можна зайсці. А некалі і лодкамі, і канём прывозілі прадукты ў краму. О-ёй. А ў адзін год, калі была вялікая вада, дык і верталёт прадукты прывозіў. Ну а цяпер верталёт не будзе прывозіць, бо ўсе лічаць капейкі. А пры Савецкім Саюзе не лічылі. Муку, хлеб прывозілі. Нават віно”.

Двор Махнаўцоў, падаецца, сучаснасць і не кранула. Ён стаіць на беразе возера, у зарасніках лазы хаваецца яшчэ дзейная “чайка”. Частка страхі вялікага гумна па-ранейшаму крытая чаротам.

“Хлеў пакінулі, бо не было матэрыялу — патрэбныя грошы, а дзе іх браць? У калгасе ж не заробіш!” — разводзіць рукамі спадар Майсей-стараста. Яны з жонкай перабіваюць адно аднаго: “Прыязджаў мужчына з Галандыі, я кажу, што перакрыем шыферам. Дык ён: “Не-не, не трэба. Хопіць, што ў нас ужо ўсё перарабілі. Няхай у вас будзе”. Добра было з гэтым чаротам. Зімой з ім было цяплей, а летам прахалодна. Але за ім дагляд патрэбны. Хлопцы нарубалі, як мы кажам, прыкладаў. Накасілі чароту ды пакрылі. Кажу, што пакуль жывы, дык няхай пастаіць пару гадоў. Бо пасля нас ніхто не будзе такім чынам крыць стрэхі”.

 

"Чайка" Махнаўцоў

Куды я паеду? Я ўрос у гэтую зямлю — не выдзераш!

 

У 2000-х на Кудрычы звярнулі ўвагу краязнаўцы і журналісты. Пра вёску пачалі пісаць, пацягнуліся турысты. Нават адкрылася аграсядзіба — гаспадар спадзяваўся, што ажыятаж вакол Кудрычаў дапаможа наладзіць добры бізнес. З’явіліся праекты музея пад адкрытым небам, маўляў, жыхароў выселяць, вёску закансервуюць, закінутыя “чаротавыя” дамы падрамантуюць, і будзе тут турыстычны рай.

“Гэта калі Пракаповіч банкірам быў, у той час, усё пыталіся ў нас, маляў, калі будзем перасяляць людзей, ці вы пагодзіцеся пераехаць пад горад? Цяпер дзевяць чалавек тут стала жыве, але і тады не было ўжо каму перасяляцца. Шмат размоваў было. Так яно і заглухла”, — махае рукой Майсей Яўсеевіч.

— Я б, можа, і паехала, але Майсей наўрад ці пагадзіўся некуды ехаць, — дадае Вольга Мікалаеўна.

Куды я паеду? Я ўрос у гэтую зямлю — не выдзераш!

Некалі Махнаўцы трымалі вялікую гаспадарку. Цяпер толькі курэй і коніка

Гадоў праз 30 наўрад ці нешта застанецца нават ад цяперашніх Кудрычаў. Закінутыя хаты канчаткова разбурацца, а стрэхі ў хлявах перакрыюць шыферам. Людзей, якія ведаюць, як касіць чарот і якім чынам ім накрываць стрэхі, ужо папросту не будзе на гэтай зямлі.

 

Дзе-нідзе ў вёсцы сустракаецца фірмовы плот з лазы
Хлявы з чаротавымі стрэхамі яшчэ служаць у гаспадарцы
На "чайцы" пры патрэбе яшчэ спраўна плавае Вольга Мікалаеўна Махнавец
Вось такім спосабам Махнаўцы хаваюць чарэшню ад нахабных драздоў
Майсей Яўсеевіч некалі кіраваў фермай. Цяпер выконвае абавязкі старасты вёскі: тэлефануе ў сельсаветЮ калі правады абрываюцца, але калі па дарозе ездзіць ну ўжо зусім немагчыма
Інтэр'ер у закінутых кудрычскіх дамах