Вы тут

Якія яшчэ змены чакаюць Арменію найбліжэйшым часам?

Фота: Reuters

Абранне прэм'ер-міністрам Арменіі Нікола Пашыняна каментуюць армянскі журналіст Сурэн Сцепанян і каардынатар грамадскай арганізацыі “Саюз інфармаваных грамадзян” Даніэль Іяанісян.

Еўрарадыё: Дзякуючы чаму Пашынян змог стаць прэм’ер-міністрам Арменіі?

Сурэн Сцепанян: Гэта апошні этап доўгага і вельмі цікавага працэсу. Усё пачалося яшчэ ў 2008 годзе, калі лідарам пратэстаў быў Лявон Тэр-Петрасян (першы прэзідэнт Арменіі з 1991-га да 1998 года), а таксама Нікол Пашынян. Менавіта ён доўгія гады ўзначальваў пратэстны рух, што ў выніку і прывяло да яго абрання прэм’ер-міністрам.

За 10 гадоў супрацьстаяння з уладамі Пашынян ні разу не змяняў сваёй палітычнай пазіцыі. У 2010-м яго асудзілі на 7 гадоў за арганізацыю масавых беспарадкаў, але нават тады ён не адмовіўся ад сваіх поглядаў. Да таго ж Пашынян сабраў вельмі моцную каманду, у асноўным з маладых людзей.

Цягам апошніх 3-4 гадоў у Арменіі прайшоў шэраг масавых пратэстаў, і многія з іх прывялі да пэўнага поспеху. Рэч у тым, што людзі, якія знаходзіліся ва ўладзе апошняе дзесяцігоддзе, ужо не былі ў стане кіраваць краінай. У іх быў моцны савецкі бэкграўнд, і перайсці на новыя палітычныя рэйкі яны проста былі не здольныя.

Еўрарадыё: Чаго цяпер чакаюць людзі ад Пашыняна?

Сурэн Сцепанян: Многія армяне вераць, што Пашынян вырашыць эканамічныя праблемы, якія назапасіліся ў краіне за апошнія 10 гадоў. Таксама людзі спадзяюцца, што новы прэм’ер зможа перамагчы карупцыю. Сам Пашынян заявіў, што збіраецца адсунуць ад палітыкі алігархаў, каб яны не ўплывалі на важныя рашэнні ўнутры краіны.

Нікол Пашынян. Фота: Reuters

Еўрарадыё: Нікола Пашыняна абралі прэм’ерам краіны. Ці хутка будуць абвешчаныя парламенцкія выбары?

Даніэль Іяанісян: Парламенцкія выбары мусяць быць, бо ўжо ўсім відавочна, што цяперашні парламент не прадстаўляе інтарэсаў грамадскасці. Імаверна, выбары пройдуць не раней за ліпень і не пазней за кастрычнік, дата іх прызначэння будзе залежаць ад механізмаў роспуску парламенту, а іх некалькі. Без парламенцкіх выбараў крызіс не скончыцца, але важна, каб да іх быў зменены выбарчы кодэкс. Бо папярэдні парламент быў выбраны шляхам і мажарытарным, і прапарцыйным, што прывяло да “прасоўвання” праз партыйныя спісы рэспубліканскіх кандыдатаў. Фармальна сістэма была прапарцыйная, але ў акругах людзі, якія галасавалі за партыю, таксама аддавалі голас за кандыдата, які быў не “мажарытарным”, а з так званых спісаў партыі, і гэта павышала шанцы партыі.

Еўрарадыё: Ці правільна я разумею, што ёсць нейкі мясцовы “аўтарытэт”, які можа “набыць” галасы, за яго галасуюць, і яшчэ і ад гэтага выйграе партыя?

Даніэль Іяанісян: Так, за такога кандыдата галасавалі з розных прычын — можа, за яго баяцца не прагаласаваць, можа, ён дае хабар, можа кіруе бізнесам, яго, можа, проста паважаюць, што ён такі “круты”, — у нас каўказская краіна, і гэта спрацоўвае таксама. Выбарца атрымліваў ажно 9 бюлетэняў адпаведна ад кожнай партыі, 8 выкідваў, адзін падпісваў на развароце і пакідаў у канверце. Такая сістэма кепская, шмат хто блытаўся, а галоўнае — яна бессэнсоўная.

Еўрарадыё: Да парламенцкіх выбараў. Што яшчэ будзе зроблена Ніколам Пашынянам, ці будзе ён фармаваць урад?

Даніэль Іяанісян: Урад будзе сфармаваны, можа, яшчэ зменяцца кіраўнікі сілавых ведамстваў.

Еўрарадыё: Як бы вы ацанілі асобу Пашыняна — гэта таленавіты лідар ці ўсё ж спрацавалі палітычныя тэхналогіі?

Даніэль Іяанісян: Ніякіх паліттэхнолагаў не было наогул. Нікол Пашынян — моцны аратар, былы журналіст, у пэўнай ступені ўмераны нават папуліст, але яму паверылі і ён змог зрабіць тое, што не атрымлівалася ні ў каго перад ім. Паліттэхнолагі працавалі з іншага боку і, як мы бачым, беспаспяхова.

Еўрарадыё: Вашынгтон, Брусель нават Крэмль дыстанцыяваліся ад падзей у Арменіі. Чаму?

Даніэль Іяанісян: Нейтралітэт Вашынгтона і Бруселя быў чаканы. Чаму не зарыентавалася Масква — таму што спачатку сур’ёзна не ўспрымала гэтыя пратэсты, а потым ужо было запозна і не захацелі сварыцца з новай уладай. Можна, канечне, было крычаць, што гэта новы Еўрамайдан, але гэта было не ў інтарэсах Расіі, бо антырасійскія настроі ў краіне сталі б яшчэ мацнейшымі.

Еўрарадыё: Якія цяжкасці чакаюць Нікола Пашыняна акрамя змаганняў у цяперашнім парламенце, дзе ў яго няма большасці?

Даніэль Іяанісян: Асноўная праблема — роспуск парламента і змена выбарчага заканадаўства. І рабіць гэта трэба з парламентам, дзе ў Пашыняна няма большасці. Другая праблема — пытанне Нагорнага Карабаху, каб не “карабахнула” найбліжэйшым часам, бо часта гэта залежыць не ад Арменіі.

Фота: Reuters