Вы тут

Віталь Радзівонаў — пра БНР і “Крумкачоў”, селекцыю БАТЭ і змены пры Дулубе

Фота: Настасся Бойка, Еўрарадыё

Былы футбаліст БАТЭ, а цяпер спартовы дырэктар барысаўскага клуба Віталь Радзівонаў завітаў у студыю Еўрарадыё ў добрым настроі і, як заўсёды, з ветлівай усмешкай. Бачна, што ў новым амплуа ён адчувае сябе выдатна, хоць і кажа сціпла, што яшчэ не цалкам разабраўся ў дэталях новай працы. Радзівонаў, які даўно вядомы сваёй любоўю да роднай мовы, літаратуры і гісторыі, дае інтэрв’ю цалкам па-беларуску. Пагадзіцеся, выключны і ўнікальны выпадак для беларускага футбола. З Віталём размаўляем пра змены, што адбываюцца ў БАТЭ і вынікі, якіх чакаюць ад новага трэнерскага штаба, абмяркоўваем новую пасаду і цяжкасці пераходу з поля ў кабінет, гутарым і пра стагоддзе БНР і лёс “Крумкачоў”.

Поўная відэаверсія размовы:

Еўрарадыё: У мінулую суботу адбыўся першы афіцыйны матч БАТЭ, у якім вы не бралі ўдзел у якасці футбаліста, а назіралі за ўсім з пазіцыі спартовага дырэктара. Барысаўчане прайгралі з лікам 1:2 і саступілі Суперкубак краіны брэсцкаму “Дынама”. Якія ўражанні?

Віталь Радзівонаў: Нам шмат чаго не ўдалося ў гэтай гульні, таму такі вынік. Але нічога страшнага не здарылася, нам трэба гэта пераварыць і ісці далей.

Еўрарадыё: Вы сядзелі на трыбуне і глядзелі матч, ногі не часаліся выйсці дапамагчы?

Віталь Радзівонаў: Не! Такога жадання не было: спакойна сядзеў і назіраў за гульнёй ужо не як футбаліст, бо даўно сябе рыхтаваў да гэтага пераходу.

Еўрарадыё: То бок, ужо ўсё склалася, і такіх настальгічных нотак не ўзнікае…

Віталь Радзівонаў: Не!

Еўрарадыё: Шмат жартаў ёсць пра вас і гульню рукой. Як ставіцеся да іх?

Віталь Радзівонаў: З жартам!

Еўрарадыё: Што новага на пасадзе спартовага дырэктара вы паспелі зрабіць, што ёсць у планах? Якія пазіцыі выклікаюць перасцярогі?

Віталь Радзівонаў: На сённяшні дзень прайшло мала часу, каб падводзіць нейкія вынікі ў маёй працы. Я яшчэ працягваю ўнікаць у сутнасць справы. Праца ў мяне вельмі цікавая, патрабуе размоў з рознымі людзьмі. Тыя пытанні, што тычацца мяне, — гэта дзіцячы футбол і селекцыя. Гэта тыя кірункі, якімі мне далі займацца.

Еўрарадыё: Чаму ў складзе БАТЭ столькі сербаў, дзе ж свае гульцы?

Віталь Радзівонаў: Мы стараемся выхоўваць маладых гульцоў. Але на сённяшні дзень тыя задачы, што стаяць перад клубам, не пакідаюць нічога лепшага, як шукаць нейкай падпіткі на баку. У дадзеным выпадку гэта Сербія. Чаму сербы? Мы ўжо працавалі з людзьмі з гэтай краіны. Яны добра адаптаваліся, пераходзілі затым у больш моцныя клубы. Усе былі задаволеныя такімі крокамі. Тыя гульцы, якія сёння прыйшлі, здольныя на тое, каб дапамагчы клубу вырашыць задачы. Унутры краіны задачы максімальныя, а што тычыцца еўракубкаў, то мы жадаем прайсці як мага далей у кваліфікацыі, марым апынуцца ў групе. З-за зменаў фармату турніру сёлета гэта зрабіць будзе цяжэй, чым у мінулым сезоне.

Еўрарадыё: Як ставіцеся да прыкладу данецкага “Шахцёра”, які зарабляе на гульцах з Паўднёвай Амерыкі?

Віталь Радзівонаў: Добры прыклад, што тут скажаш. Трэба суадносіць бюджэты данецкага “Шахцёра” і БАТЭ. Не ўсе тыя магчымасці, што ёсць у Данецка, могуць быць у нас. Мы спрабуем шукаць найбольш прыдатныя варыянты.

Еўрарадыё: Тры рэчы, якія б вы змянілі ў БАТЭ, калі б сталі гендырэктарам клуба?

Віталь Радзівонаў: БАТЭ знаходзіцца на вышыні ў нашым футболе, таму што ёсць клас і ў асноўнай камандзе, і ў офісе. Пачаўшы працаваць у офісе, я разумею, што тут прафесіяналы, і на сённяшні дзень я не ведаю, што можна змяніць, бо ўсё робіцца для таго, каб мы дасягалі тых мэтаў, якія стаяць перад намі.

Еўрарадыё: Можаце апісаць ваш дзень? Напрыклад сённяшні.

Віталь Радзівонаў: Прачнуўся, схадзіў у басейн, паехаў у офіс, паабедаў, паехаў на сустрэчу з трэнерамі дубля. І вось прыехаў да вас. Пасля будзе сустрэча з агентамі, далей трэба заехаць у офіс парабіць некаторыя справы, у 20.00 у мяне заняткі па англійскай мове, у 22.00 еду ў аэрапорт сустракаць нашых гасцей.

Еўрарадыё: У вас такі шчыльны графік, а пасада — спартовы дырэктар, ствараецца адчуванне што не ўсе пазіцыі ў клубе закрытыя і, верагодна, працягваецца пошук новых гульцоў. Пачуем пра новыя трансферы неўзабаве?

Віталь Радзівонаў: Працэс селекцыі ніколі не спыняецца, заўсёды можна пачуць некаторыя трансферныя навіны ад любога клуба, не толькі БАТЭ. Але на сённяшні дзень, мне здаецца, у нас абойма дастаткова моцная і здольная вырашаць задачы, якія стаяць перад клубам.

Еўрарадыё: Калі б раптам вы не пайшлі працаваць далей у якасці спартовага дырэктара, чым бы займаліся?

Віталь Радзівонаў: Напэўна, я б на месцы не сядзеў, рабіў бы нешта. Казаць сёння, чым бы я канкрэтна займаўся, не магу, таму што я даволі даўно планаваў скончыць сваю гульнявую кар'еру. Таксама дастаткова даўно мне паступіла прапанова стаць спартовым дырэктарам, і па заканчэнні мінулага сезона заставалася толькі абмеркаваць некаторыя дэталі. Таму не было ніякіх іншых думак наконт таго, куды ісці далей.

Еўрарадыё: А чаму не было развітальнага матчу?

Віталь Радзівонаў: Увогуле я стаўлюся да такога вельмі спакойна. А наконт таго, будзе ён ці не, нічога сказаць не магу. Я чуў, што гэта пытанне неяк абмяркоўваецца ў нас у офісе. Мне здаецца, што цягам бліжэйшых месяцаў гэта пытанне павінна вырашыцца, будзе ён або не.

Еўрарадыё: А форму падтрымліваеце? На трэніроўкі ходзіце? Можа час ад часу з асноўным складам або з дублем?

Віталь Радзівонаў: Так, натуральна, я працягваю быць спартовым чалавекам, але гэта не футбол, а басейн і трэнажорная зала.

Еўрарадыё: А чаму не футбол? Многія былыя футбалісты працягваюць гуляць у аматарскіх лігах, можа і вас там аднойчы сустрэнем?

Віталь Радзівонаў: (смяецца) Цяпер я проста адпачываю ад гульні, таму што шмат чаго перажыў з футболам. Таму ёсць такое жаданне проста адпачыць.

Еўрарадыё: Вы перажылі змену некалькіх трэнераў у БАТЭ. На ваш погляд, якая з іх была самай адчувальнай?

Віталь Радзівонаў: Мне здаецца, што змена, якая здарылася сёлета, яна самая адчувальная. Таму што прыйшоў новы чалавек, які не працаваў дагэтуль у структуры БАТЭ. І гэта будзе на карысць і самому трэнеру, і футбольнаму клубу. Я ў гэта веру і з надзей жыву, што ўсё ў нас атрымаецца добра.

Еўрарадыё: Як вам Дулуб? Якія канкрэтныя змены ён прынёс у БАТЭ?

Віталь Радзівонаў: Прайшло мала часу, каб ставіць адзнакі нейкім вынікам. Мне здаецца, што стала больш праводзіцца тэарэтычных заняткаў, таму што ў трэнера новыя патрабаванні, і іх трэба давесці да гульцоў. Таму больш часу ідзе на тэорыю. З папярэднімі трэнерамі патрабаванні былі больш-менш зразумелыя і не так адрозніваліся, як цяпер. Зразумела, пра гэта больш дакладна скажуць самі гульцы, але па тым, што я ўбачыў, мне падалося, што змены ёсць, дастаткова сур’ёзныя.

Еўрарадыё: Новы чэмпіянат яшчэ не пачаўся, а скандалы ўжо ёсць. Як вы ставіцеся да сітуацыі з “Крумкачамі”: ці павінен клуб, які па спартовым прынцыпе заслужыў права гуляць у вышэйшай лізе, заставацца ў ёй, ці ўсё ж бюракратычныя моманты больш важныя?

Віталь Радзівонаў: Ва ўсёй гэтай сітуацыі я разумею тое, што мы з вамі нічога не разумеем і шмат якой інфармацыяй не валодаем. Маё стаўленне: калі ў "Крумкачоў" будуць нейкія фінансавыя гарантыі, калі яны дакажуць, што змогуць, акрамя таго, што правесці сезон, дык яшчэ і закрыць існуючыя "хвасты", я буду за тое, каб яны засталіся ў вышэйшай лізе. Але для гэтага патрэбныя гарантыі. Калі яны будуць, я не бачу ніякіх бар'ераў для таго, каб АБФФ дазволіла "Крумкачам" удзельнічаць у сезоне.

Еўрарадыё: Гэта сітуацыя ў чарговы раз выклікае размовы пра колькасць каманд у вышэйшай лізе. Вы пагулялі пры розных сістэмах правядзення чэмпіянату. Вам, як футбалісту, калі было гуляць цікавей?

Віталь Радзівонаў: Для мяне больш цікавай была сістэма з 12 камандамі. Але я падкрэсліваю, што як для футбаліста. Было больш цяжкіх і цікавых гульняў з высокім накалам і жорсткай канкурэнцыяй. Цяпер жа без ведання некаторай інфармацыі наконт таго, як у нас грошы ў бюджэце размяркоўваюцца (спадзяюся, хутка пра гэта даведаюся), мне складана зразумець, чаму ўсё ж 16 каманд, чаму многія стаяць за тое, каб у лізе было 16 каманд. Гэта пытанне некаторага часу: хутка дайду да таго, чаму ўсё так.

Еўрарадыё: Апошнімі днямі шырока абмяркоўваецца пытанне святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Вы, як чалавек, які цікавіцца роднай гісторыяй, будзеце святкаваць?

Віталь Радзівонаў: У мяне склалася свая пазіцыя ў дачыненні да ўсіх святаў: я не святкую нічога, акрамя дзён нараджэння чальцоў маёй сям’і. Гэта свята для мяне з’яўляецца больш гістарычнай датай, чым святам, калі я буду рабіць нейкія дзеянні. Для мяне гэта гістарычная дата, якую павінны ведаць усе беларусы.

Еўрарадыё: Вы адзін з нешматлікіх спартсменаў, які спрабуе і размаўляе па-беларуску. І робіце гэта дастаткова добра!

Віталь Радзівонаў: Ёсць яшчэ, да чаго ісці і што паляпшаць! Дома спрабуем размаўляць з дачкой. Гэта больш карысна для яе, яна вучыцца ў школе, і ёй патрэбныя гэтыя веды.

Паслухаць падкаст размовы з Віталём Радзівонавым