Вы тут

Улады паабяцалі прыпыніць "добраўпарадкаванне" Вайсковых могілак

Фота: СТВ

Зранку 27 чэрвеня на Вайсковых могілках адбылася сустрэча грамадскіх актывістаў, супрацоўнікаў Міністэрства культуры і кіраўніцтва спецкамбінату камунальна-бытавога абслугоўвання, які займаецца "добраўпарадкаваннем" могілак. 

​Як паведамлялася раней, на могілках супрацоўнікі спецкамбіната зносяць ранейшыя надмагільныя помнікі, ставяць аднатыпныя надгалоўнікі. Яны тлумачаць, што такім чынам займаюцца добраўпарадкаваннем могілак.

У каментары Радыё "Свабода" Павел Каралёў, які каардынуе кампанію па захаванні найстарэйшых могілак Мінска, паведаміў: "Нам на словах паабяцалі прыпыніць працы. Мы прайшліся з кіраўніцтвам камбінату і прадстаўніком Мінкульту па тэрыторыі, вызначылі каля дзесяці пахаванняў, ад якіх на самой справе мала што засталося, якімі маглі б заняцца супрацоўнікі камбінату. Пакуль нам паабяцалі працаваць там і не чапаць іншых магілаў. Але гэта на словах, вядома. Сустрэча не мела афіцыйнага характару".

Па словах Каралёва, актывісты дагэтуль не бачылі ніякага афіцыйнага дакумента, які вызначае парадак добраўпарадкавання Вайсковых могілак. 

Каралёў дадаў, што валанцёры прапаноўвалі ўладам правесці сваімі сіламі інвентарызацыю пахаванняў, аднак адказу пакуль не атрымалі. Падзеі на могілках ён называе зносам помнікаў. На яго думку, работнікі спецкамбіната зыходзячы са свайго густу вызначаюць, ці варта пакідаць тую ці іншую агароджу.