Вы тут

"У такім месцы лёгка атрымаць мастацкае паражэнне"

Фота Еўрарадыё

У студзені 2018 года суд польскага горада Асвенцім абвінаваціў міжнародную суполку перформараў у апаганьванні мемарыяла Аўшвіц-Біркенау і асудзіў на зняволенне беларусаў, ініцыятараў гэтай антываеннай акцыі. Перформанс адбыўся 24 сакавіка мінулага года. Падчас яго 12 чалавек ля брамы музея распрануліся, аголеныя прыкавалі адзін аднаго кайданкамі і зарэзалі ягня — як бязвінную ахвяру сучасных войнаў. 

Інтэрнэт-супольнасць падзялілася на два лагеры — адны лічаць, што мастацтва нельга караць, іншыя — што "так ім і трэба". Разбіраемся ў сутнасці выказвання з культуролагам Максімам Жбанковым і літаратарам і перформерам Іллёй Сінам. Глядзіце размову цалкам:

 

Самыя мяккія меркаванні ў сеціве: "Адпусціце дурняў". Калі гэта галоўная мэта — яна дасягнутая!

 

Жбанкоў: Для мяне з'яўляецца вельмі сумнеўным сам факт мастацкага выказвання. Бо мастацкія выказванні перадусім мусяць выкарыстоўваць зразумелую мэтавай аўдыторыі мову, пэўную сістэму сімвалаў, мець уцямны мэседж і пэўную, адэкватную абставінам, у тым ліку і культурным, а не толькі юрыдычным, стратэгію. Я не ўбачыў нічога з гэтага. Эфект атрымаўся абсалютна супрацьлеглым, чым было запланавана. Бо самыя мяккія меркаванні, якія я бачыў у сеціве: "Адпусціце дурняў". Калі гэта галоўная мэта — яна дасягнутая!

Сін: У прававым рэчышчы мастацкай акцыяй можа быць выкшталцоны мастацкі твор і адначасова досвед  хуліганства. Гэта два паралельныя сусветы, якія ў прынцыпе не перакрыжоўваюцца. З іншага боку, ці можна кваліфікаваць дадзеную мастацкую акцыю, якой бы яна ні была, добрай ці дрэннай, як акт апаганьвання мемарыяла? У мяне ўзнікае пытанне да фармулёўкі абвінавачвання.

 У такім месцы вельмі лёгка атрымаць мастацкае паражэнне

 

Жбанкоў: У мяне выклікае пытанне само месца з вельмі моцнай гістарычнай аўрай. Яно мае сваю вельмі ўцямную празрыстую гісторыю. І калі ў яго робіцца інтэрвенцыя, няхай сабе і мастака, паўстае пэўнае скажэнне сэнсу, перакрыжаванне моваў. І з гэтага вельмі лёгка атрымаць мастацкае паражэнне, бо атрымаецца не звышвыказванне, а мінус-выказванне. Як на мяне, гэтая мяжа апынулася вельмі хісткай. І дакладна, перакрочанач яна ці не, не маглі сказаць ні самі аўтары перфоманса, ні тыя, хто гэта ўсё асудзіў. Сутнасці таго, што адбылося, не зразумелі не толькі тыя, хто ўпікае аўтараў, але і тыя, хто іх абараняе. Бо яны не патрабуюць грамадскай абароны і крыкаў: "Адпусціце хлопцаў".

Сін: Калі мастак малюе карціну, досыць недарэчна ставіць яму абвінавачанне ў выкарыстанні таго ці іншага колеру. Ён робіць тое, што хоча рабіць. Цяжка ўвогуле ацэньваць гэтую мастацкую акцыю па той простай прычыне, што ніхто яе не бачыў, нават відэазапісу няма ў інтэрнэце. Але гэта ўсё ж мастацкая акцыя. А вось юрыдычная рэакцыя на ўчынак — неадэкватная. Гэта абсалютна валюнтарысцкая фармулёўка абвінавачвання — што такое апаганьванне? Гэта вельмі сур'ёзны прысуд за такую акцыю.

Я б ніколі нічога не рабіў у Аўшвіцы, бо для мяне гэта месца цішы, месца, дзе проста трэба маўчаць, месца, перанасычанае сэнсамі. І немагчыма туды нешта дадаць. Але нехта іншы палічыў, што мае зрабіць так. Мае права. 

 

Людзі рабілі тое, што нават для іх з'яўляецца нечым празмерным

Сін: Мастацкае і этычнае — трошкі розныя вымярэнні. Кожны сам вынаходзіць узаемадачыненні паміж імі. Як для мяне, безумоўна, этычнае мусіць прэваляваць над мастацкім. Але ў дадзеным выпадку відавочнае перасячэнне мяжы: людзі рабілі тое, што нават для іх з'яўляецца нечым празмерным. Мяркуючы па іх маніфестах, гэта было шчырае выказванне.

Жбанкоў: Але шчырасць не ёсць алібі. Бо тут галоўная тэма звязаная з тым месцам, дзе гэта адбылося. Ёсць сістэма грамадскіх канвенцыяў, звязаная менавіта з гэтай фабрыкай смерці, ёсць гісторыя вакол яе, ёсць сімвалічная вага. І вось менавіта гэтая сімвалічная вага жудаснага месца, абсалютна несумяшчальная з тым, што прапанавала гэтая творчая суполка. То бок, вага гэтых выказванняў апынулася абсалютна несуразмернай, і ў выніку Аўшвіц з'еў перформараў.

 

Калі б гэта было зробленае ў цэнтры Берліна — ніхто нічога б не заўважыў

Жбанкоў: Калі б гэта было зробленае ў цэнтры Берліна ці Варшавы, проста ніхто нічога б не заўважыў. А тут спрацоўвае аўра Аўшвіца. 

Сін: Гэтая антываенная акцыя больш дарэчна выглядала б ля офіса НАТА.

Жбанкоў: Каб яна пэўным чынам закранала адказных за гэтыя войны. Окей, звярніцеся да адрасата. А тут да каго быў зварот? Да экскурсантаў? Абслугі? Паліцыянтаў?

Сін: Магчыма, гэтая хіпоўская, як яе называюць, акцыя, апынулася не ў трэндзе тых ідэй, актуальных у сучасным мастацтве. Няма барацьбы з гамафобіяй, за фемінізм.