Вы тут

У палове мінскіх дамоў гарачую ваду адключаць толькі на 10 сутак

У палове мінскіх дамоў гарачай вады не будзе толькі 10 суток, а не 14. Як піша "Комсомольская правда", выбар шчасліўчыкаў залежыць ад таго, якая служба забяспечвае дом гарачай вадой.

У сталіцы такіх службаў дзве — філіял "Мінскія цеплавыя сеткі" РУП "Мінскэнерга" і УП "Мінсккамунцепласетка". Сёлета УП "Мінсккамунцепласетка" заявіла, што выпрабаванні цеплавых сетак яны правядуць за меншы тэрмін — усяго за 10 дзён.

На прадпрыемстве патлумачылі, што розныя крыніцы гарачага водазабеспячэння могуць адключацца на розную колькасць дзён — ад 3 да 14. Сёння сярэдняя працягласць адключэння вады ў "Мінсккамунцепласетцы" складае 11 сутак. Калі нідзе не будзе збояў, спеецялісты намераныя ўкласціся ў 10 сутак.

А вось у філіяле "Мінскія цеплавыя сеткі" РУП "Мінскэнерга" кажуць, што меней, як у 14 дзён, яны не ўкладуцца. Гэтае прадпрыемства забяспечвае гарачай вадой прыкладна палову дамоў у сталіцы. Там кажуць, што ў іх на балансе знаходзяцца вялікія кацельні, разлічаныя на цэлыя мікрараёны. Для іх выпрабавання спатрэбіцца больш часу.

Даведацца, якое з прадпрыемстваў адключае ваду ў кожным канкрэтным доме можна з абвестак на пад'ездзе: там мусяць быць пазначаныя даты адключэння і паведамлена, хто праводзіць працы. Таксама графік адключэння вады і адказнае за яго прадпрыемства можна паглядзець на сайце Мінгарвыканкама minsk.gov.by або ў дадатку bezvody.opendata.by, калі ўвесці свой адрас у радок пошуку.