Вы тут

У Мінску ўрачыста адкрылі Палац гімнастыкі

Фота: president.gov.by

6 сакавіка ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы (Палаца гімнастыкі).

У адкрыцці прымаў удзел Аляксандр Лукашэнка з алімпійскімі чэмпіёнкамі — беларускай Марынай Лобач і расіянкай Алінай Кабаевай,паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Таксама ў цырымоніі ўдзельнічалі старшыня Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель, кіраўнік Мінска Андрэй Шорац, прэзідэнт Еўрапейскага саюза гімнастыкі Фарыд Гаібаў, галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская, вядомыя беларускія гімнасткі і трэнеры, юныя спартсменкі.

Лукашэнка агледзеў залы для заняткаў груп пачатковай падрыхтоўкі, залы харэаграфіі, трэніравальную і трэнажорную залы, а таксама пакой адпачынку для спартовак і басейн з цэнтрам. Ён заявіў, што гэты будынак — сімвалічны падарунак гімнасткам да Міжнароднага дня жанчын. "Мне абсалютна не шкада тых грошай, якія мы ўклалі ў гэта цудоўны будынак", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі мастацкую гімнастыку не крыўдзяць. Хоць раней у гімнастак і не было такога палаца, дзяржава заўсёды давала ім магчымасць праводзіць трэніроўкі. "Я хацеў, каб вы тут не толькі працавалі, праца спартоўца жудасная, я гэта ведаю па сабе. Ведаю, як цяжка вам, асабліва маленькім. Я хацеў, каб вы тут і аднавіцца маглі, і адпачыць. Таму жывіце ў гэтым доме дружна, мірна, працуйце, трэніруйцеся, адпачывайце, а мы за вас будзем заўзець", — звярнуўся Лукашэнка да гімнастак.

Ён пажадаў юным грацыям, каб яны ніколі не атрымлівалі жорсткіх траўмаў. І таксама даў рэцэпт, як стаць чэмпіёнам свету: важна не занявольвацца і не напружваць сябе псіхалагічна. "Калі вы гэтую праблему ў сабе вырашыце, вы сапраўды будзеце чэмпіёнкамі і свету, і Алімпійскіх гульняў", — падзяліўся сваім рэцэптам Лукашэнка.

Удзельнікі ўрачыстага адкрыцця Палаца гімнастыкі паглядзелі паказальныя выступленні беларускіх грацый. У фінале мерапрыемства гімнасткі падарылі кіраўніку дзяржавы карціну "Мары здзяйсняюцца!". Яна была створаная падчас выканання аднаго з нумароў пры дапамозе залатога пылу. На ёй паказаны новы спартыўны комплекс.