Вы тут

У Маладзечне выламалі дзверы ў кватэру, дзе гучна крычала жанчына

Здымак з архіву. Фота: Fotolia

У Маладзечне выламалі дзверы ў кватэру, дзе гучна крычала жанчына. Здарэнне адбылося 9 чэрвеня. Як інфармуе сайт kraj.by, каля 17-й гадзіны ў міліцыю патэлефанавала мясцовая жыхарка і паведаміла, што яе сяброўку збівае сужыцель. Дзверы ніхто не адчыняў, а за імі былі чутны крыкі. Тады міліцыянеры атрымалі дазвол ад кіраўніцтва на ўскрыццё дзвярэй і прыцягнулі супрацоўнікаў МНС.

Высветлілася, што мужчына, які знаходзіўся ў кватэры, быў у стане алкагольнага ап'янення (1,16 праміле), ён гучна крычаў і брудна лаяўся на жанчыну. "Факт прычынення хатняга псіхалагічнага гвалту быў відавочны", — кажа начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Маладзечанскага РАУС Сяргей Пузыроў.

36-гадовага хулігана затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 11 чэрвеня мясцовы суд наклаў на яго адміністрацыйную адказнасць. Міліцыянеры кажуць, што за апошнія чатыры гады ў Маладзечне гэта першы выпадак, калі давялося ўзломваць дзверы ў кватэру, каб спыніць хатні гвалт.