Вы тут

У Гомелі маці, якой пагражалі забраць дзіця, падала ў суд на чыноўнікаў

Леанід Судаленка і Наталля Белая ў судзе. Фота: TUT.by

6 ліпеня суд Савецкага раёна Гомеля пачаў разглядаць незвычайную справу. Позву падала маці 6-гадовай дзяўчынкі Наталля Белая, якую органы сацыяльнай апекі пагражалі паставіць на ўлік праз тое, што яна два тыдні была беспрацоўнай. Адказчыкі — дзіцячы садок № 160 Гомеля і раённы аддзел адукацыі.

Раз’юшаная жанчына патрабуе ад іх кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 1 тысячы рублёў. Мама дзяўчынкі кажа, што апошнія падзеі прынеслі ёй і дачцэ шмат пакутаў: маўляў, работнікі адукацыі яе зняважылі, абразілі, ўмяшаліся ў прыватнае жыццё і раскрылі асабістыя звесткі, піша TUT.by.

Гэтая гісторыя пачалася з таго, што ў чэрвені Наталля Белая атрымала ліст з дзіцячага садка № 160. Жанчыне паведамлялі, што, паколькі яна не працаўладкавалася, яе сям'я знаходзіцца ў экстрэмальнай жыццёвай сітуацыі і патрабуе падвышанай педагагічнай увагі. Наталлю папярэджвалі, што ў выпадку, калі яна не працаўладкуецца, адміністрацыя садку “будзе вымушаная залічыць яе і дзіця ў разрад сем'яў з сацыяльна небяспечным становішчам”.

Ліст быў датаваны 5 чэрвеня. На той момант Наталля не працавала крыху больш за два тыдні.

Абураная і спалоханая жанчына распавяла пра пагрозу журналістам. На публікацыі з яе скаргамі праз рэгіянальныя газеты адказалі прадстаўнікі аддзела адукацыі. Па іх звестках, яшчэ 20 траўня жанчына працаўладкавалася аперацыйнай санітаркай. “З кім знаходзілася дзіця ў перыяд работы мамы, калі садок дзяўчынка не наведвала?”, — задаваліся пытаннем чыноўнікі. Таксама іх цікавілі крыніцы даходу, на які непрацуючая гамяльчанка ўтрымлівала сябе і дачку.

Па словах жанчыны, менавіта гэтыя артыкулы і сталі апошняй кропляй. Пры дапамозе юрыста Леаніда Судаленкі Наталля звярнулася ў суд. 6 ліпеня адбылося папярэдняе судовае пасяджэнне.

Наталля Белая. Фота: TUT.by

“Пісьмовае паведамленне адказчыкаў [апекі і садку], аформленае ў форме шантажу, пагроз і запалохвання, я расцэньваю як грубае ўмяшальніцтва ў маю прыватную жыццё і прыватнае жыццё маёй сям'і”, — адзначыла ў заяве Наталля.

Яна падкрэслівае, што грашовая кампенсацыя маральнай шкоды — не галоўнае, чаго яна хоча дамагчыся.

“У суд падала, бо хачу, каб маю сям'ю пакінулі ў спакоі, не лезлі ў асабістае жыццё, далі далей гадаваць і выхоўваць дачку, працаваць там, дзе мне зручна і там, дзе хочацца, — тлумачыць жанчына. — Разумееце, гэта доўжыцца ўжо вельмі шмат месяцаў, і я знаходжуся ў вялікім напружанні і моцна перажываю. Гэта былі самыя жудасныя дні ў нашым жыцці”.

Бок адказчыка — прадстаўнік аддзела адукацыі — з патрабаваннямі пазоўніцы не пагадзілася. На яе думку, садок і загадчыца не ўмешваліся ў асабістае жыццё з мэтай цікавасці, а праводзілі сацыяльнае расследаванне. Гэтая праца вялася на падставе нарматыўна-прававых актаў, якія абавязваюць установы адукацыі займацца раннім выяўленнем няшчасных сем’яў.