Вы тут

У Брэсце шукаюць дом для Дыега Марадоны

Фота: twitter.com/dynamobrest

У Брэсце шукаюць дом для аргентынца Дыега Марадоны. Легендарны ў мінулым футбаліст стаў старшынёй праўлення ФК "Дынама-Брэст" і будзе праводзіць шмат часу ў горадзе над Бугам. Праўда, толькі з ліпеня, пасля заканчэння чэмпіянату свету па футболе ў Расіі.

Брэсцкае "Дынама" праз Twitter паведаміла, што шукае для Марадоны кіроўцу і прыбіральшчыцу з веданнем іспанскай мовы. Пра пошук дома даведаўся партал tut.by. Адно з патрабаванняў для жылля — наяўнасць трэнажорнай залы ("Дыега намагаецца падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме"). Разглядаюцца варыянты не толькі ў абласным цэнтры, але і ў наваколлі, але не далей за 5 кіламетраў ад горада.

Дыега Арманда Марадоне 57 гадоў. Ён — лепшы футбаліст ХХ стагоддзя па версіі FIFA. Гуляў за зборную Аргентыны і такія клубы, як "Барселона" (1982 — 1984), "Напалі" (1984 — 1991). Трэнерскую кар'еру распачаў у 1994 годзе.