Вы тут

У Арменіі заявілі, што Беларусь садзейнічае гонцы ўзбраенняў у рэгіёне

Фота: БЕЛТА

У Арменіі заявілі, што Беларусь садзейнічае гонцы ўзбраенняў у рэгіёне. З такой заявай выступіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі Армен Грыгаран. Ён сустракаўся з беларускім амбасадарам Ігарам Назарчуком і перадаў яму пазіцыю афіцыйнага Ерэвана ў справе продажу ўзбраенняў з Беларусі Азербайджану.

"Беларусь, якая з'яўляецца сяброўскай краінай Арменіі і мае партнёрскія абавязкі, прадае Азербайджану ўзбраенне, і такім чынам садзейнічае гонцы ўзбраенняў у рэгіёне", — напісаў Грыгаран на сваёй старонцы ў Facebook. Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі Арменіі выказаў Ігару Назарчуку "глыбокую заклапочанасць" уладаў яго краіны. У Ерэване лічаць, што дзеянні ўладаў Беларусі падрываюць намаганні "па забеспячэнні стабільнасці ў рэгіёне".

Як вядома, напружанасць паміж Арменіяй і Азербайджанам існуе з-за пытання Нагорнага Карабаху, на які прэтэндуюць абедзьве краіны. Нядаўна стала вядома, што ў Азербайджан былі пастаўлены беларускія сістэмы залпавага агню "Паланэз". Каля іх зрабіў фота прэзідэнт Ільхам Аліеў. У траўні падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам пра гэтыя пастаўкі ўзбраенняў з ім гаварыў новы прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.