Вы тут

У 50 раёнах забаранілі наведванне лясоў: высокая пажарная небяспека

Фота з адкрытых крыніцаў

У Беларусі наведванне лясоў забаранілі ў болей як 50 раёнах. Як перадае БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства лясной гаспадаркі, прычынай такога рашэння стаў высокі клас пажарнай небяспекі. Паводле стану на 2 чэрвеня, абмежаванні дзейнічаюць у асобных раёнах на тэрыторыі Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей.

Цяпер усталявалася гарачае і сухое надвор’е без ападкаў, таму павышаецца рызыка ўзгаранняў і хуткага распаўсюду агню. Забаронена наведваць лес дзеля прагулак і адпачынку на прыродзе, збіраць там ягады і грыбы, заязджаць туды транспартам, апроч службовага. Ехаць можна толькі аўтамабільнымі дарогамі агульнага карыстання —  іх на час павышанай пажарнай небяспекі будуць патруляваць спецыялісты дзяржаўнай лясной аховы.

У Мінлясгасе таксама нагадваюць, што парушэнне забароны наведвання лясоў пагражае адміністратыўнай адказнасцю, у тым ліку штрафам да 25 базавых велічыняў. У выпадку, калі лясному фонду нанясуць шкоду, штраф можа вырасці да 50 базавых велічыняў.