Вы тут

Суд над "беларускім шпіёнам" ва Украіне перанеслі на 5 красавіка

Фота: svaboda.org

Суд у Чарнігаве перанёс чарговае падрыхтоўчае пасяджэнне па справе беларуса Юрыя Палітыкі на 5 красавіка. Нашага суайчынніка, як вядома, вінавацяць у зборы сакрэтнай інфармацыі ва Украіне на карысць замежнай дзяржавы.

Адвакат беларуса Тарас Гэрэлюк у каментары Радыё "Свабода" паведаміў прычыну пераносу: на пасяджэнне не прыйшоў перакладчык. Гэта ўжо трэцяе перанесенае судовае пасяджэнне — на папярэдніх двух адсутнічалі адвакаты.

Юрыя Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 года на памежным пераходзе "Новыя Ярылавічы" на мяжы з Беларуссю. Украінскі бок паведамляў, што ў яго тэлефоне быў знойдзены зашыфраваны файл з мапаю размяшчэння вайсковых падраздзяленняў у зоне антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе і планам наступальнай аперацыі "Шторм". За паўгода да затрымання спецслужбы Украіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэннямі Палітыкі ў Чарнігаве.

За шпіянаж беларусу пагражае ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі.