Вы тут

Старшыня БАЖ: Калі канфіскуецца тэхніка абарона крыніц інфармацыі пад пагрозай

Андрэй Бастунец у студыі Еўрарадыё

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец лічыць, што вобшукі ў рэдакцыях з'яўляюцца абмежаваннем свабоды СМІ і ставяць пад пагрозу абарону крыніц інфармацыі і журналістаў:

"Вобшукі журналістаў ці рэдакцый — гэта абмежаванне свабоды выказвання. Падставы для такога абмежавання павінны быць вельмі сур'ёзнымі. Яны мусяць быць санкцыянаваныя судом. Так было б у прававой краіне. Я не думаю, што мы цяпер маем той выпадак, калі гэта дапушчальна.

Такія дзеянні расцэньваюцца як парушэнне свабоды выказвання СМІ, таму што яны парушаюць працу сродкаў масавай інфармацыі. Больш за тое, журналісты мусяць абараняць крыніцы інфармацыі, а ў сітуацыі канфіскацыі тэхнікі абарона канфідэнцыйнасці ставіцца пад пагрозу".

Што тычыцца міжнароднай практыкі, дык на думку Андрэя Бастунца, наўрад ці былі б вобшукі ў рэдакцыях:

"Калі б гэта адбылося паміж Reuters і нейкім СМІ, дык не думаю, што былі б задзейнічаныя сілавыя структуры. Больш за тое, я не думаю, што калі б у сілавыя ведамствы звярнулася прыватная структура, то з іх боку былі б такія дзеянні".

7 жніўня Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне трох беларускіх журналістаў і рэдактараў: Марыны Золатавай (TUT.by), Ганны Калтыгінай (TUT.by) і Таццяны Каравянковай (БелаПАН). Іх падазраюць у неправамерным карыстанні платнай падпіскай дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Следчыя і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца. У прыватнасці, у рэдакцыі TUT.by праходзіць вобшук, журналістаў не пускаюць на працоўныя месцы.