Вы тут

Стала вядома, хто з "дармаедаў" не будзе аплачваць камунальныя паслугі цалкам

Фота: pixabay.com

Стала вядома, хто з грамадзян, не занятых у эканоміцы, не будзе аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі па поўных тарыфах. Падрабязнасці новаўвядзення распавяла начальнік аддзела ўпраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Жанна Папучэева на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Так званыя "дармаеды" не будуць плаціць па поўных тарыфах за камуналку, калі яны не з'яўляюцца плацельшчыкамі гэтых паслуг. Плацельшчыкамі жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) лічацца ўласнік, наймальнік або арандатар жылога памяшкання, чальцы арганізацыі забудоўшчыкаў, дольшчык, які заключыў дагавор долевага будаўніцтва, лізінгаатрымальнік.

Напрыклад, калі плацельшчыкам ЖКП з'яўляецца працуючая маці, а яе сын не працуе, плаціць за камуналку яны будуць па звычайных тарыфах, а не поўны кошт. 

Але калі плацельшчык ЖКП "дармаед" і ў тым самым памяшканні жыве яшчэ адзін жыхар, не заняты ў эканоміцы, тады аплочваць поўныя тарыфы на камуналку будуць яны абодва. 

Як стала вядома напярэдадні, "дармаеды" будуць цалкам аплочваць гарачае водазабеспячэнне (з 1 студзеня 2019 года), газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабеспячэнне (з 1 кастрычніка 2019 года).

Налічвацца поўныя тарыфы будуць з улікам колькасці зарэгістраваных у жыллё людзей. Калі, напрыклад, на падагрэў вады было выдаткавана 0,6 гігакалорыі і ў жыллі зарэгістраваныя тры чалавекі, а плацельшчык ЖКП не заняты ў эканоміцы, то колькасць цеплаэнергіі дзеліцца на колькасць людзей. Поўны тарыф будзе аплочваць толькі плацельшчык ЖКП, незаняты ў эканоміцы — гэта значыць, за 0,2 гігакалорыі.

Як разлічвае Мінжылкамгас, плата за стандартную двухпакаёвую кватэру 48 кв.м за ваду павялічыцца на 5-6 рублёў (калі спажыванне будзе ў межах вызначаных нормаў). Для такой жа кватэры, дзе зарэгістравана тры чалавекі і ўласнік не заняты ў эканоміцы, плата за ацяпленне можа вырасці на 15 рублёў, за газ — на 15-16 рублёў.

Дарэчы, у жыроўку пры гэтым можа дадацца дадатковы радок.