Вы тут

Справу "беларускага шпіёна" ва Украіне будзе разглядаць іншы суд

Юрый Палітыка. Фота: svaboda.org

Справу беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі, якога падазраюць у зборы сакрэтнай інфармацыі ва Украіне на карысьць замежнай дзяржавы, будзе разглядаць іншы суд.

Паводле інфармацыі Радыё "Свабода", сёння на пасяджэнні самаадвод узялі ўсе тры суддзі, якія вядуць працэс. Гэтае рашэнне падтрымалі таксама іншыя ўдзельнікі працэсу — пракуроры, абвінавачаны і яго адвакаты.

Старшыня калегіі суддзяў Чарнігаўскага раённага суда Уладзіслаў Кухта патлумачыў, што рашэнне было прынятаў з прычыны таго, што яго жонка мае сяброўскія дачыненні з адным з адвакатаў Палітыкі, а таксама з іншымі суддзямі, якія разглядаюць справу.

"У выніку, калі б калегія суддзяў вынесла рашэнне на карысць абвінавачанага, гэтыя факты маглі б выклікаць сумневы ў непрадузятасці суда", — кажа Кухта.

У гэтым судзе разгледзець справу Палітыкі цяпер не могуць, бо бракуе суддзяў, каб утварыць новую калегію. Таму справу вернуць у Апеляцыйны суд Чарнігаўскай вобласці, які вызначыць яе падсуднасць.

Беларуса затрымалі ў чэрвені 2017 года. Падрыхтоўчы разгляд яго справы Чарнігаўскі раённы суд пачаў яшчэ 12 лютага. З таго часу судовыя пасяджэнні пераносіліся восем разоў. Суд так і не змог пачаць разгляд пытання пра адпаведнасць украінскаму заканадаўству абвінаваўчага акту, выстаўленага Юрыю Палітыку.

За шпіёнства Палітыку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.