Вы тут

Саакашвілі расказаў, як Лукашэнка "троліў" Пуціна пасля забойства Літвіненкі

Уладзімір Пуцін і Міхаіл Саакашвілі. Фота з архіву Reuters

На тэлеканале Бі-Бі-Сі выйшаў дакументальны фільм, прысвечаны прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. Сярод іншага ў фільме экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі расказвае пра востры жарт, якім Пуціна "троліў" Аляксандр Лукашэнка пасля забойства ў Лондане былога афіцэра ФСБ Аляксандра Літвіненкі

Нагадаем, што перабежчыка ФСБ Літвіненку атруцілі радыеактыўным палоніем. Літвіненка вінаваціў ФСБ у выбухах жылых дамоў ды іншых падобных дзеяннях, накіраваных на прыход да ўлады Пуціна. Яшчэ да смерці ў 2006 годзе ён напісаў ліст, у якім абвінаваціў кіраўніка Расіі ў сваёй смерці. 

Здарэнне, пра якое распавядае Саакашвілі, адбылося напрыканцы 2006 года на банкеце на саміце СНД у Мінску. На банкеце Саакашвілі сядзеў справа ад Пуціна, а Лукашэнка — злева. "І ён сказаў: Міша, ты едзеш у Лондан, трэба наядацца тут, бо ў Лондане я не раіў бы нічога есці. Асабліва не раю есці сушы, нават і блізка не падыходзь. А самая бяспечная ежа — на талерцы Уладзіміра Уладзіміравіча, тут дакладна не атруцішся", — цытуе Радыё "Свабода".

Саакашвілі кажа, што пасля гэтага Лукашэнка пераставіў талерку ад Пуціна да яго, а Пуцін выраніў відэлец і раззлавана заявіў, што не мае ніякага дачынення да забойства Літвіненкі. "Каму патрэбны гэты Літвіненка, ён быў нікім", — адазваўся расійскі кіраўнік.

Эпізод на відэа пасьля 40:30.