Вы тут

Рыхтуюцца змены ва ўказ аб долевым будаўніцтве

Фота: novostrojka.by

Рыхтуюцца змены ва ўказ №263 “Аб долевым будаўніцтве”. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Горваля.

Сярод навінаў — з тэксту ўказа знікне пазіцыя пра неабходнасць будаўніцтва 15% жылога фонду за кошт сродкаў забудоўшчыка, калі гэта ўпраўленні капітальнага будаўніцтва або прадпрыемствы з долей дзяржуласнасці болей за 50%.

Таксама плануецца, што забудоўшчыкі змогуць вяртаць на свае бягучыя рахункі сродкі за кватэры, прададзеныя пасля ўводу аб’екта долевага будаўніцтва ў эксплуатацыю. Пакуль гэтыя сродкі накіроўваюцца ў бюджэт.

Новая рэдакцыя ўказа мусіць дадаткова ўрэгуляваць адносіны заказчыкаў, забудоўшчыкаў і падрадчыкаў, кіруючыся напрацаванай правапрымяняльнай практыкай.