Вы тут

Рэйв-пратэст у Грузіі: “Моладзь змагаецца не за наркотыкі, а за свае правы”

Пратэсты ў Грузіі. Фота: Reuters

Пасля жорсткага антынаркатычнага рэйда грузінскай паліцыі моладзь выйшла на вуліцы Тбілісі.  Іх галоўная мэта – лібералізацыя заканадаўства ў галіне барацьбы з наркотыкамі. Акцыю паўжартам называюць “рэйв-пратэстам”: пратэстоўцы танчаць на вуліцах, пакуль паліцыянты ахоўваюць іх ад ультраправых.

Праблема антынаркатычнага заканадаўства актуальная і для Беларусі, дзе з канца красавіка працягваецца галадоўка “Маці 328” – жанчын, чые дзеці і ўнукі асуджаныя па “наркаманскім” 328 артыкуле Крымінальнага кодэкса. У Беларусі ён прадугледжвае да 25 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці, прычым, па некаторых частках артыкула вызначаны і ніжэйшы парог: ад 5 гадоў, ад 8 гадоў…

Што адбываецца ў Тбілісі, як грузінскія пратэстоўцы дамагаюцца легалайзу – пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла палітычным аглядальнікам JAM-news Дзмітрыем Аваліяні.

 

Еўрарадыё: З чым звязаныя пратэсты моладзі ў Грузіі?

Дзмітрый Аваліяні: Памылкова пішуць нават у Грузіі, што маладыя людзі выйшлі за легалізацыю наркотыкаў. Гэта не так. Выйшлі супраць татальнага кантролю, рэпрэсій і гвалту, супраць беззаконня і парушэння правоў чалавека. Вядома, што сярод затрыманых падчас рэйдаў у начныя клубы не было нікога з рэалізатараў наркотыкаў.

Дылераў затрымалі ў іншым месцы і ў іншы час. Пры гэтым ніхто не даў адказу, навошта было з аўтаматамі ўрывацца ў начныя клубы “Басіяні” і “Cafe Gallery” , выганяць адтуль людзей, а потым затрымліваць пратэстоўцаў.

Гэтая незадаволенасць назапашвалася даволі доўга. У мінулым годзе прайшла буйная акцыя моладзі супраць таго, што двум музыкам у прамым сэнсе падклалі наркотыкі [Музыкаў рэп-дуэта “Біржа-мафія” ў 2017 годзе затрымалі за тое, што ў іх знайшлі 2 грамы MDMA, але самі музыкі сцвярджалі, што сапраўдная прычына іх затрымання – відэакліп, які не спадабаўся паліцыі. – Еўрарадыё]. Падкідванне наркотыкаў стала інструментам расправы з апанентамі, у падобнай сітуацыі апынуўся нават грузінскі прэзідэнт Георгій Маргвелашвілі. За наркотыкі судзілі сяброў яго дачкі, і прэзідэнт заявіў, што такім чынам на яго аказваецца палітычны ціск. Быў працэс над сынам вядомай рэдактаркі апазіцыйнай газеты, якая сцвярджала, што наркотыкі яму падкінулі. Маладога чалавека апраўдалі.

Пратэсты ў Грузіі. Фота: Reuters

Еўрарадыё: Пратэсты праходзілі перад грузінскім парламентам. Мэсэдж у першую чаргу быў да дэпутатаў? Ці ёсць сярод парламентарыяў прыхільнікі лібералізацыі заканадаўства?

Дзмітрый Аваліяні: Пасля таго, як прэм'ер-міністр Георгій Квірыкашвілі выйшаў да пратэстоўцаў, урад паабяцаў перагледзець заканадаўства. Але гэта зноў наўрад ці пойдзе далей за дыскусію. Бо ў кіруючай партыі “Грузінская мара” знайшліся дэпутаты, якія сказалі, што яны ніколі не прагаласуюць за лібералізацыю. То бок, меркаванні ў партыі ўлады падзяліліся. Дарэчы, апазіцыя кажа, што гатовая падтрымаць лібералізацыю антынаркатычнага заканадаўства.

Еўрарадыё: Ці заўсёды ў Грузіі было такое суровае пакаранне за наркотыкі?

Дзмітрый Аваліані: Заканадаўства заўсёды было жорсткім: і ў часы Шэварнадзэ, і за Саакашвілі. Але апошнім часам яно ўсё часцей выкарыстоўваецца ў змаганні з апанентамі.

"Рэйв-пратэст". Фота: Reuters

Еўрарадыё: Існуе меркаванне, што рэзкія дзеянні паліцыі звязаныя з вяртаннем у вялікую палітыку кансерватыўнага экс-прэм’ера Бідзіны Іванішвілі.

Дзмітрый Аваліяні: Ёсць такія тэорыі змовы, яны звязаныя з тым, што рэйд па начных клубах супаў з партыйным з’ездам “Грузінскай мары”, дзе адбылося вяртанне Іванішвілі ў палітыку. Таксама рэйд звязваюць з ударам па мэры Тбілісі Кахі Каладзэ, які з’яўляецца лабістам праграмы “начнога жыцця” грузінскай сталіцы. Хаця Каладзэ таксама з’яўляецца сябрам “Грузінскай мары”, ён хіба адзіны, хто мае незалежнае меркаванне па гэтым пытанні.

Еўрарадыё: На ўсіх важных дзяржаўных пасадах у Грузіі цяпер прадстаўнікі “Грузінскай мары”? Наколькі Каладзэ аўтаномны?

Дзмітрый Аваліяні: Каладзэ мае эканамічную незалежнасць, але ўсе астатнія сябры “Грузінскай мары”, уключна з прэм’ера краіны Гіоргіем Квірыкашвілі, гэта толькі цені Іванішвілі.

Еўрарадыё: Ці гатовая грузінская апазіцыя ўзначаліць сацыяльны пратэст?

Дзмітрый Аваліяні: Апазіцыя не ўмешваецца. Былі некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, якія прыйшлі падтрымаць пратэстоўцаў, але ім не далі слова. Наколькі гэта правільна? Гэта іншае пытанне. Але, як паказвае практыка перамоваў з урадам, немагчыма змагацца, не маючы палітычнага досведу, бо лёгка павесціся на падман.