Вы тут

Reuters: Расія спыняе выдачу крэдытаў і абмяжуе пастаўкі нафтапрадуктаў Беларусі

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Фота: Reuters

Расія прыпыніла выдачу крэдытаў Беларусі і плануе абмежаваць бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу з чацвёртага квартала 2018 года. Пра гэта паведамляе "Белсат" са спасылкай на агенцтва Reuters.

У рукі журналістаў трапілі службовыя дакументы. Напрыклад, у тлумачальнай запісцы да пратакола зменаў міжурадавай дамовы намесніка старшыні "Белнафтахіма" Андрэя Рыбакова гаворыцца: "Расійскі бок ініцыяваў спыненне практыкі бесперашкоднага вывазу з Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь нафтапрадуктаў /.../, матывуючы гэта стратамі расійскага бюджэту ва ўмовах павелічэння аб’ёму іх вывазу". 

З гэтай жа прычыны Масква часова заблакавала перавод у Беларусь двух траншаў крэдытнай лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Сёлета ў ліпені, як паведамляцца, была прыпыненая выплата па так званым механізме "ператаможкі", а таксама прыпыненая праца па выдачы Беларусі ў 2019 годзе дзяржкрэдыту да 1 мільярда долараў.

У дакуменце гаворыцца, што Расія чакае ад Беларусі кампенсацыі за пастаўленыя раней нафтапрадукты.

Крыніца ў расійскім урадзе пацвердзіла Reuters, што ад росту паставак нафтапрадуктаў у Беларусь адчувае страты бюджэт РФ. Крыніца ў фінансавых колах, знаёмая з ходам перамоваў, сказаў, што пералічэнне траншаў прыпынілі праз "новыя рознагалоссі паміж РФ і Беларуссю па нафце і газу".