Вы тут

Рэгістрацыю замежнікаў праз інтэрнэт плануюць пачаць з 2019 года

Аляксей Бягун. Кадр з відэа

Рэгістраваць замежнікаў у органах унутраных спраў (ОУС) праз інтэрнэт плануецца ўжо ў 2019 годзе. Пра гэта начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун распавёў у інтэрв'ю на тэлеканале АНТ.

Як вядома, на мінулым тыдні замежнікам дазволілі знаходзіцца ў Беларусі без візы на працягу 30 дзён, калі яны прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. З пераліку дзяржаў, чые грамадзяне могуць скарыстацца "бязвізам", выключаныя краіны, з якімі Беларусь мае двухбаковыя пагадненні па ўзаемнай адмене віз.

Бягун нагадаў, што замежнікі мусяць зарэгістравацца ў міліцыі на працягу пяці дзён, за выключэннем святочных і выхадных. "Акрамя таго, за замежніка рэгістрацыю ажыццяўляюць аграсядзібы, гатэлі або тыя арганізацыі, якія ўпаўнаважаныя на правядзенне гэтай працэдуры. Таксама мы ўнеслі прапанову пра тое, каб перайсці на працэдуру рэгістрацыі праз інтэрнэт. Думаю, што з наступнага года такая паслуга ўжо будзе рэалізаваная для замежнікаў, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі", — патлумачыў прадстаўнік МУС.

Дарэчы, за паўтара года, пакуль у Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы ўезд для турыстаў, нашу краіну наведалі 140 тысяч замежнікаў. Каля 1000 чалавек працягвалі тэрмін знаходжання ў краіне.