Вы тут

Праз тыдзень пасля ўключэння гарачай вады ва Уруччы яе зноў адключылі

У інтэрнэце з’яўляецца фота абвесткі з пад’езда дома №185 па праспекце Незалежнасці ў Мінску. У абвестцы паведамляе, што “У мэтах выканання планаў па капітальным будаўніцтве, для ўрэзкі часовага трубаправода, у сувязі з вынасам ТМ-58 з-пад плямы забудовы будзе праведзенае адключэнне гарачага водазабеспячэння з 9:00 1 чэрвеня да 17:00 3 чэрвеня”.

Справа ў тым, што 24 траўня ў гэтым доме толькі ўключылі гарачую ваду пасля двухтыднёвага адключэння.

“Планава адключылі гарачую ваду, уключылі ў канцы траўня, — абураецца адзін з жыхароў дома. — Не прайшло тыдня, зноў "планавая замена труб". Няўжо нельга планавую замену труб сумясціць з планавым адключэннем вады?!”

Еўрарадыё задае пытанне жыхара інжынеру РТС-4 “Мінскцепласетак”, які, мяркуючы па абвестцы, і адказны за адключэнне.

“Гэты дом знаходзіцца ў абслугоўванні Мінскіх камунальных цеплавых сетак! Камунальных! А тэлефануеце вы ў Мінскія цеплавыя сеткі”, — нечакана парыруе інжынер.

Еўрарадыё: Але на абвестцы ўказаны нумар вашай арганізацыі!

Інжынер: Але нашых прарываў ці пашкоджанняў там няма, таму вам трэба пытацца ў іх!

Еўрарадыё: Я правільна разумею: на два тыдні адключалі ваду вы, а цяпер іншая арганізацыя?

Інжынер: Так! Адключалі ваду нашымі рукамі, але не па нашай прычыне!

Але Еўрарадыё даведалася, чаму за гэтае другое выключэнне гарачай вады мінчане павінны нават падзякаваць камунальнікам. Па словах кіраўніка дыспетчарскай службы “МінскцепласеткіАндрэя Жэшка, яны наадварот скарацілі магчымы тэрмін адключэння.

“11 траўня было адключэнне гарачай вады ва Уруччы, а 24 траўня ваду ўжо ўключылі, — абураецца Андрэй Грыгор’евіч. — А гэта 13 дзён, а не 14, якія нам даюцца! Зрабілі гэта таму, што на Усходзе ёсць мікрараён “Маяк-Мінск”, дзе ў гэтым месяцы адбудзецца адкрыццё гандлёвага цэнтра. Наш падрадчык не паспяваў дабудаваць у тэрмін. Атрымліваецца, што нам трэба было трымаць карыстальнікаў без гарачай вады не 14 дзён, а недзе дзён 17, а гэта непрымальна. Таму мы і ўключылі ваду раней”.

За тыдзень былі праведзеныя ўсе неабходныя працы для падключэння гандлёвага цэнтра да цеплавой магістралі. Таму ў 9:00 раніцы 1 чэрвеня зноў адключылі гарачую ваду, а ў 10:40 2 чэрвеня яе ўжо ўключылі. “Фактычна, планавае адключэнне вады цягнулася роўна 14 дзён, проста з перапынкам”, — рэзюмуе кіраўніка дыспетчарскай службы. Ну, а тры дні адключэння, заяўленыя ў абвестцы на пад’ездзе — перастрахоўка, калі раптам нешта пойдзе не так.

Графік адключэння гарачай вады ў Мінску можна паглядзець тут.