Вы тут

Прафесар, які прыдумаў збіраць агуркі лежачы: Робаты з гэтым не справяцца

Фота: sb.by

У беларусаў ёсць фантастычнае ноу-хау — платформа для збору агуркоў. Уявіце сабе: да трактара ззаду чапляюць нешта накшталт ложкаў на колах. На “ложках” насцеленыя мяккія матрацы, на якіх ляжаць жанчыны. Яны рукамі абрываюць агуркі з кустоў і кідаюць іх на транспарцёр, а зелле складаюць побач.

Аўтаматызацыя 80-га ўзроўню! Але лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць:

Еўрарадыё стала цікава: хто ж сканструяваў гэты дэвайс? Мы паразмаўлялі з гэтым чалавекам. 

Яго завуць Аляксандр Аутка. Нягледзячы на паважаны ўзрост — 71 год — ён і не думае сыходзіць на заслужаны адпачынак. Аляксандр Аляксандравіч — прафесар, працуе ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

Да таго ён доўгі час ён узначальваў Інстытута агародніцтва Акадэміі навук. Менавіта працуючы там, ён і прыдумаў платформу для збору агуркоў.

"Матрацы, на якіх ляжаць работніцы, мяккія. Але трэба, каб на такіх платформах працавала моладзь, і перадусім хлопцы, — распавядае Еўрарадыё распрацоўшчык платформы. — Трэба ж энергічна працаваць, бо платформа рухаецца, і збіраць агуркі трэба вельмі хутка. Трэба ўсё паспець убачыць і сарваць".

Платформа распрацаваная разам з заводам "Тэхмаш" больш за 10 гадоў таму. З таго часу не было лета, каб яна не трапіла ў навіны.

"Мы распрацоўвалі розныя тэхналогіі апрацоўкі культур, у тым ліку і агурка, — прыгадвае Аутка. — Заўсёды была праблема, як яго збіраць. Таму што гэтыя расліны пакрываюць усю паверхню. І калі людзі ходзяць і іх збіраюць, дык пашкоджваюць плецці. То бок, перадушваюць іх, і агурок спыняе рост. Так гублялася вельмі шмат уражаю. Таму ў мяне з'явілася думка стварыць платформу, дзякуючы якой людзі будуць збіраць агуркі і не траўмаваць расліну. Уражайнасць павялічылася ў тры разы".

Пры стварэнні платформы Аляксандр Аутка карыстаўся "сусветнай інфармацыяй". Але ўдасканальваць прыладу ці тым больш рабатызаваць яе прафесар не збіраецца. Ён кажа, што гэта немагчыма, бо агурок мусіць быць бачным:

"Няма такіх робатаў, якія б вызначалі памер агурка. Гэта праца выключна для людзей".

Агрэгат для ўборкі агуркоў на грунтовых палях — не адзінае вынаходніцтва Аляксандра Ауткі. Прафесар стварыў больш за 20 машын для агародніцтва. Напрыклад, ён прыдумаў тэхналогію для апрацоўкі морквы на вузкапрофільных градках і камбінаваны пасяўны агрэгат, які шырока выкарыстоўваецца гаспадаркамі Беларусі.

Фота: Лида-регион

"У мяне нават патэнт на гэтую тэхналогію ёсць, — кажа Аутка пра камбінаваны пасяўны агрэгат. — А вось на платформу па зборы агуркоў, на жаль, няма. Відаць, і не буду яго рабіць. Тэхналогія ўжо занадта распаўсюдзілася, і сэнсу няма".

Уласнага лецішча, на якім Аляксандр Аляксандравіч мог бы эксперыментаваць з тэхнікай, у прафесара няма. Ён кажа, што ўсё сваё жыццё прысвяціў навуцы, і яму зусім не да прысядзібных участкаў. Нядаўна прафесар Аутка сканструяваў машыну для апрацоўкі кавуна! А цяпер праце над экалагічнай тэхналогіяй апрацоўкі бульбы.

Што праўда, вынаходніцтвы карыстаюцца папулярнасцю не заўжды. Напрыклад, не знайшоў прымянення комплекс для апрацоўкі часныка:

“На жаль, у Беларусі часнык, як культура, не атрымала развіцця. Існуе стрымліваючы фактар: вельмі шмат імпарту ідзе ў Беларусь, і запыт на сваю прадукцыю рэзка падае. Мы не можам рэалізаваць тое, што мы вырабляем”.

Што да самага папулярнага вынаходніцтва Аляксандра Ауткі, дык на гэты момант выпушчана 17 платформаў для збору агуркоў лежачы. 12 з іх працуюць у гаспадарках Расіі. 

Фота: scottishkot.livejournal.com