Вы тут

Пенсіянерка з Мазыра перавяла расійскім "экстрасэнсам" 25 тысяч долараў

Фота: Reuters

Пенсіянерка з Мазыра перавяла расійскім "экстрасэнсам" 25 тысяч долараў. Беларускія праваахоўнікі распачалі крымінальную справу па факце завалодання грашыма махлярскім шляхам ("махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры", ч. 4 арт. 209).

Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, у пачатку сакавіка 62-гадовая жанчына глядзела тэлепраграму з удзелам экстрасэнсаў. У ёй яна пабачыла нумар тэлефона "празорлівай" з Расіі. Падчас тэлефоннай размовы пенсіянерцы паабяцалі "адкрыць грашовыя плыні", што мусіла значна палепшыць фінансавую сітуацыю ў сям'і. Але трэба было правесці "завочны рытуал". Яго жыхарка Мазыра аплаціла — перавяла на перададзеныя банкаўскія рэквізіты 390 долараў.

Пасля гэтага беларуску пачалі "апрацоўваць" невядомыя прадстаўнікі "празорлівай", якія тэлефанавалі на хатні і мабільны тэлефоны. Яны называлі сябе супрацоўнікамі расійскай установы па парапсіхалогіі. Ёй казалі, што "магічныя дзеянні" трэба працягваць ("для закрыцця варонкі і брамы праклёну"). Жанчына паверыла і на працягу месяца пераводзіла ў Расію грошы: асабістыя ашчаджэнні, адмыслова ўзяты крэдыт, сродкі, пазычаныя ў сваякоў, калег па працы, знаёмых. Расіяне абяцалі, што пасля ўдзелу ў "бяспройгрышнай латарэі" грошы ёй вернуць у двайным памеры. Таксама раілі, нікому пра гэта не расказваць.

У міліцыю звярнуліся блізкія сваякі пенсіянеркі, якія выпадкова даведаліся пра гэтую гісторыю. Для высвятлення асоб махляроў, беларускія праваахоўнікі спадзяюцца на дапамогу расійскіх калег.