Вы тут

Падрабязнасці "гомельскага трылера": за злачынцам гналіся 20 аўтамабіляў

Фота: progomel.by

Гомельскія СМІ паведамляюць падрабязнасці крывавай разні, якую напярэдадні ўчыніў зламыснік у мясцовым тралейбусе пры затрыманні. 

Здарэнне адбылося 15 траўня каля 23.40. Тры аператыўнікі ў цывільным на прыпынку "Універмаг" чакалі тралейбус №20. Паводле некаторых звестак, у ім быў 24-гадовы гамяльчук, якіз ўцёк з калоніі-пасялення. Раней ён быў асуджаны на тры гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу за хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў. 

Паведамляецца, што мужчына меў мажную фігуру і вялікі рост — 185 см. Да таго ж, ён захапляўся ўсходнімі адзінаборствамі, адзначае progomel.by.

На прыпынку міліцыянты паспрабавалі затрымаць хлопца. Яны паказалі яму пасведчанні і запатрабавалі пакінуць салон. Але малады чалавек стаў супраціўляцца і ўдарыў міліцыянтаў нажом па нагах, зачапіўшы артэрыі. Пасля гэтага ён вырваўся з захопу і выбег на вуліцу. Міліцыянты засталіся чакаць "хуткую, каб не страціць шмат крыві. Пазней іх шпіталізавалі. Два чалавекі знаходзяцца ў стабільным, адзін — у цяжкім стане.

Потым злачынец пабег у бок гарадскога парку. У пагоні за ім удзельнічалі каля 20 патрульных машын.

Тым часам злачынец дабраўся да Сожа, скокнуў у раку і паплыў на другі бераг. Міліцыянты чакалі яго на абодвух берагах ракі ўжо праз некалькі хвілінаў, але уцякач не выбраўся на бераг, а пачаў спускацца ўздоўж берагавой лініі да Бухты капітанаў, каб заблытаць след. Але каля паловы пятай гадзіны раніцы яго кучаравую галаву заўважылі бліз белага бакена.  

Праваахоўнікі папрасілі у ОСВОДа лодку, каб затрымаць зламысніка. Але малады чалавек нырнуў пад ваду. Доўга затрымліваць дыханне ён не змог: ён з'явіўся за дзясятак метраў ад міліцыянтаў і паспрабаваў сплысці ад іх. Праваахоўнікі зрабілі два папераджальныя стрэлы ў паветра, а потым стрэлілі яму па нагах. Толькі пасля таго як яго паранілі, уцякач здаўся. Яго на лодцы даставілі на бераг, адкуль шпіталізавалі.