Вы тут

Падпалкоўнік, якога судзяць у Барысаве за хабар, цалкам прызнаў сваю віну

Дзмітрый Кіселар на судзе. Фота Анастасіі Бойка

У судзе Барысаўскага раёна ідзе працэс над кіраўніком фізпадрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах. Гвардыі падпалкоўнік Дзмітрый Кіселар абвінавачаны ў хабарніцтве. 

Справа супраць яго была пачатая яшчэ ў 2016 годзе (да скандальнай гісторыі з гібеллю шарагоўца Аляксандра Коржыча), але вядома пра яе стала толькі цяпер. Крымінальная справа налічвае 10 тамоў, сведкамі па ёй праходзяць 33 чалавекі. У ёй фігуруе 20 выпадкаў хабару.

Сам Кіселар знаходзіцца не пад вартай. Ён звольнены з пасады, і з яго ўзятая падпіска аб нявыездзе.  

У суд справа паступіла 2 лютага. З таго часу ўсе сведкі ў судзе ўжо дапытаныя. Сам Кіселар цалкам прызнаў сваю віну.  

14 сакавіка на працэсе быў дапытаны сведка Аляксей Пыцель. Ён распавёў, што іспыты па фізпадрыхтоўцы здаюцца двойчы ў год — увесну і ўвосень. Той, хто не здае фізпадрыхтоўку, пазбаўляецца прэміі — 80 рублёў. 

Увесну 2015 года да яго звярнуліся вайскоўцы Міхалевіч, Сусла і Кавальскі, якія цікавіліся, як можна выправіць нездавальняючыя адзнакі па фізпадрыхтоўцы. Пыцель кажа, што звярнуўся да Кіселара, і той адказаў, што яму павінны прынесці пакет, у якім будуць каньяк, цукеркі, кава і кілбаса.

Міхалевіч і Сусла набылі названыя прадукты і аддалі пакет Пыцелю для перадачы Кіселару. Кавальскі быў на службе і сам купіць прадукты не мог, таму ён даў Пыцелю 250 тысяч недэнамінаваных рублёў, і той набыў каву "Нэскафэ" і каньяк "Белы бусел", а таксама цукеркі і кілбасу. Усе пакеты былі перададзеныя Кіселару праз трэцюю асобу. Пасля гэтага хлопцы атрымалі станоўчыя адзнакі. 

Пракурор запытаўся ў сведкі, ці ведаў ён загадзя, што трэба будзе набываць прадукты Кіселару за добрыя адзнакі. Пыцель адказаў, што не ведаў пра гэта. 

Працяг судовага працэсу прызначаны на 19 сакавіка.