Вы тут

Падлетак патануў у Дняпры падчас трэніроўкі па веславанні

Фота: sk.gov.by

У Магілёве ў Дняпры падчас трэніроўкі па веславанні патануў 14-гадовы падлетак. Хлопец не меў выратавальнай камізэлькі, распавёў агенцтву БЕЛТА старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ОСВОД Мікалай Маісееў.

Трагедыя адбылася 26 чэрвеня каля 11-й гадзіны ў раёне, дзе рака Дзебра ўпадае ў Дняпро. Падчас развароту на моцнай плыні лодка перакулілася, падлетак вываліўся з яе і патануў.

Па словах Маісеева, на трэніроўцы не былі выкананыя элементарныя правілы бяспекі. Трэніроўка мусіла адбывацца ў выратавальных камізэльках. Акрамя таго, удзельнікаў трэніроўкі абавязкова мусіў суправаджаць катэр. "Чаму гэтыя патрабаванні не былі выкананыя, цяпер высвятляецца", — дадаў кіраўнік ОСВОД.

Вадалазы пачалі шукаць цела падлетка а 12-й гадзіне. Пра месца здарэння паведаміў відавочца — рыбак, які знаходзіўся на беразе. Дапамагчы хлопцу ён не мог, бо знаходзіўся на вялікай адлегласці ад месца трагедыі. Патанулага хлопца знайшлі прыкладна праз гадзіну.