Вы тут

Па "справе медыкаў", якую пачаў КДБ, праходзяць больш за 50 чалавек

Валерый Вакульчык. Фота: БЕЛТА

Маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя выявіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Пра гэта журналістам заявіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, перадае БЕЛТА.

За сістэматычнае атрыманне хабару сілавікі затрымалі шэраг медыцынскіх функцыянераў. Гэта, напрыклад, дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў (за вырашэнне пытанняў па дзяржаўнай рэгістрацыі лекаў), дырэктар прадпрыемства "Белмедтэхніка" Аляксандр Шарак (за заключэнні і выкананне дамоваў, забеспячэнне своечасовай аплаты і рэалізацыі закупак). Па словах сташыні КДБ, пры ператрусе ў гаражы дырэктара "Белмедтэхнікі" выявілі больш за 620 тысяч долараў у эквіваленце.

Па гэтай жа справе праходзяць начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксей Яськоў. Першага падазраюць у хабарах за арганізацыю тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медабсталявання ва ўстановах аховы здароўя Гродна. Другога — у заключэнні дамоваў па пастаўцы медтэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння на адрас ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны, а таксама арганізацыі і кантролі аплаты пастаўленай медтэхнікі і вырабаў медпрызначэння.

Затрыманыя і шэраг службовых асобаў "Белмедтэхніка", якія ўдзельнічалі ў працы камісіі Мінздароўя па закупцы абсталявання і своечасовай аплаце паставак. Іх падазраюць у дачы і атрыманні хабару, а таксама ва ўхіленні ад падаткаў. "Затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама ўжытыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асоб, а ўсяго — больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам", — паведаміў Вакульчык.

Па яго словах, медыцынскія чыноўнікі атрымлівалі хабар за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю. Разавая сума хабару даходзіла да 10 тысяч долараў. Асобныя службоўцы атрымлівалі да 350 тысяч долараў за раз. Шэраг фігурантаў спрабвалі ўцячы, у тым ліку за мяжу, што прымусіла КДБ прыспешыць іх затрыманне. 

Старшыня КДБ падкрэсліў, што гаворка ідзе пра чыноўнікаў, якія займаліся закупам медабсталявання і лекаў, а не пра дактароў. 

Ён падкрэсліў, што ў выніку карупцыі кошты лекаў і абсталявання завышаліся на 10-60%, а ў асобных выпадках — і на 100%.

Атрыманыя звышпрыбыткі выводзіліся на рахункі юрыдычных асоб у ПАР, Ганконгу (КНР), Літве, Латвіі, Расіі ды іншых краінах. "З іх на хабары без перабольшання ішлі мільёны долараў ЗША. У выніку ператрусаў, добраахвотнага пакрыцця шкоды, вяртання незаконна атрыманых сродкаў у даход дзяржавы паступіла ўжо больш як 15 мільёнаў долараў", — заявіў старшыня КДБ.