Вы тут

Новы ўказ Лукашэнкі: "дармаеды" не атрымаюць субсідыі на камунальныя паслугі

Фота: tut.by

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №225, які змяняе спіс тых, хто можа атрымліваць безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковай аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Напрыклад, тыя, хто трапіць у "дармаеды", атрымаць субсідыю не зможа, піша tut.by.

Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі змогуць атрымаць тыя, хто даглядае дзяцей да трох гадоў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў і хто атрымлівае адпаведную дапамогу ў органах па працы, занятасці і сацабароне.

Таксама субсідыі будуць выдавацца тым, хто атрымлівае дапамогу па доглядзе за інвалідам I групы або асобы, якая дасягнула васьмідзесяцігадовага ўзросту. Пры гэтым дапамога будзе выдавацца без збору дадатковых дакументаў — на падставе звестак Мінпрацы.

Права на атрыманне субсідыі паводле заявы дадзенае таксама грамадзянам або сем'ям, якія не маюць уласнага жылля і пражываюць на арандаваных кватэрах альбо ў інтэрнаце прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці.

Субсідыя даецца пры ўмове, калі штомесячная сума платы за жыллёва-камунальныя паслугі пры нарматыўным спажыванні перавышае 20% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям'і ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасці.

Асобам, уключаным у спісы працаздольных, але не занятых у эканоміцы ("дармаедам"), субсідыі з 1 студзеня 2019 года давацца не будуць. Аднак чальцы сям'і, якія пражываюць разам з імі, права на субсідыі маюць.