Вы тут

Новы старшыня АГП: Партыя разлічвае, што Лябедзька застанецца

Фота: Радыё Свабода

8 ліпеня ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі з'явіўся новы лідар. На змену Анатолю Лябедзьку, які кіраваў АГП 18 гадоў, прыйшоў яго намеснік Васіль Палякоў.

 

Палякову 49 гадоў. Ён жанаты, у яго ёсць сын. Пакуль жыве ў Гомелі. Кажа, што збіраецца разам з сям'ёй пераязджаць у Мінск, але гэта пытанне часу.

 

Еўрарадыё павіншавала новага старшыню АГП з абраннем і задало некалькі пытанняў пра планы і хібы партыі, а таксама пра самаадводы галоўных сапернікаў па партыйных выбарах — Лябедзькі і Канапацкай.

 

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі вылучыць сваю кандыдатуру ў лідары АГП?

 

Васіль Палякоў: З 2012 года я займаў пасаду намесніка старшыні АГП. Мне падалося, што ёсць пэўны досвед, які дазваляе мне ў тым ліку быць кіраўніком. Упершыню я балатаваўся ў 2016 годзе. Тады набраў 37% галасоў.

 

Еўрарадыё: Вы галасавалі за сябе?

 

Васіль Палякоў: У 2016 годе ўстрымаўся, а гэтым разам так, за сваю кандыдатуру.

 

Еўрарадыё: На ваш погляд, якіх зменаў патрабуе АГП? Ці варта яе "варушыць"? Як можна гэта зрабіць?

 

Васіль Палякоў: Самае галоўнае, каб праводзілася сістэмная праца. Да сённяшняга дня праца была дастаткова сістэмнай, але ёсць магчымасць яе ўдасканаліць. Увогуле, для таго, каб партыя працавала, неабходна, каб быў палітычны працэс. Толькі ў дзеянні можна прыцягваць і новых прыхільнікаў, і новых сяброў партыі.

 

Еўрарадыё: І ўсё ж, якая цяпер галоўная праблема АГП?

 

Васіль Палякоў: Самая галоўная праблема АГП, як і любой партыі, гэта тое, што ў Беларусі няма выбараў, няма палітычнага працэсу. Адпаведна, партыі незапатрабаваныя.

 

Еўрарадыё: Вы збіраецеся зрабіць так, каб АГП была запатрабаванай?

 

Васіль Палякоў: Разам з іншымі палітычнымі партыямі нам трэба змагацца, каб у Беларусі змянілася сітуацыя, і каб у Беларусь вярнуліся выбары. Тады партыі будуць запатрабаваныя, і яны будуць колькасна і якасна расці.

 

Еўрарадыё: Як прайшлі выбары старшыні АГП? Якім вам падаўся з'езд?

 

Васіль Палякоў: Усё было даволі добразычліва. Напярэдадні з'езду здавалася, што будуць правакацыі. Але ўсё прайшло на добрым узроўні.

 

Еўрарадыё: Чаму, на ваш погляд, напярэдадні выбараў знялі свае кандыдатуры яўныя лідары руху Анатоль Лябедзька і Ганна Канапацкая?

 

Васіль Палякоў: Я б не сказаў, што Канапацкая мела вялікія шанцы. Напярэдадні мы праехалі па ўсіх рэгіёнах, былі на абласных канферэнцыях. Там не было падтрымкі Ганны Канапацкай. Яе заявы і абвінавачванні ў адрас партыі адыгралі адмоўную ролю, і яе кампанія не зусім атрымалася. Гэтым я і тлумачу зняцце Ганны Канапацкай. У Анатоля Лябедзькі, безумоўна, былі самыя вялікія шанцы. Але да гэтага ён рабіў заявы, што не будзе больш балатавацца.

 

Еўрарадыё: То бок, ён вырашыў, што ўжо досыць кіраваць партыяй?

 

Васіль Палякоў: Так, але я лічу, што ў яго адзін з наймацнейшых патэнцыялаў. Партыя разлічвае, што Лябедзька застанецца і працягне ўдзельнічаць у палітыцы.