Вы тут

Новая зорка біятлону Юркевіч у вольны час падпрацоўвае майстрам па манікюры?

Фота са старонкі Дар'і Юркевіч у сацсетцы

У апошні дзень восені свет даведаўся пра новую зорку беларускага біятлона — 28-гадовую Дар’ю Юркевіч. Яна ўзяла бронзу ў індывідуальнай гонцы на этапе Кубка Свету ў Эстэрсундзе. Адстралялася на нуль пры такіх умовах надвор'я, калі нават знакамітая Кайса Макарайнен прамахнулася сем разоў.

Але яшчэ летась Дар'я не была ўпэўненая, што яе біятлонная кар'ера будзе працяглай. Мела яна і запасны варыянт — нэйл-дызайн.

Дагэтуль у сацыяльных сетках ёсць суполка “Дарья Юркевич/Маникюр, педикюр. Минск”. Там біятланістка пазначаная як “майстар”.

Беларусак апранулі ў форму, якую за 300 долараў можа купіць любы аматар 

Там выстаўленыя прыклады работ. Але не прапісаныя кошты. Сярод удзельнікаў суполкі пераважна сябры і прыхільнікі Дар'і. Колькі каштуе такі манікюр, ніхто не прызнаецца: “Звяртайцеся ў нашу прэс-службу”.

Хоць найчасцей біятланісткі знаходзяцца на спаборніцтвах і зборах, падпрацоўка, відаць, не бывае лішняй. Адна з паплечніц Юркевіч па нацыянальнай зборнай кажа, што далёка не ўсе беларускія лыжніцы фінансава забяспечаныя: “Ёсць вынік — ёсць грошы, няма выніку — няма грошай”.

Некаторыя галоўныя трэнеры зборных Беларусі зарабляюць менш, чым прыбіральшчыцы

Летась на старонцы ў сацсетках “Биатлон online” Юркевіч адказвала на пытанні заўзятараў. У кожным чацвёртым адказе яна згадвала пра манікюр: што вельмі любіць яго рабіць калегам па камандзе ў вольны час, што звязала б сябе з гэтай справай, калі б не біятлон.

Але падобна на тое, што бронза ў Эстэрсундзе надоўга адсуне памкненні Дар'і зарабляць манікюрамі, а не спортам.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да публікацыі, суполку “Дарья Юркевич/Маникюр, педикюр. Минск” зрабілі закрытай і перайменавалі.