Вы тут

Не плацяць узносы ў ФСАН, а людзей наймаюць. І хто ім будзе плаціць пенсію?

Фота: Сильные Новости

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва абнавіў спіс арганізацый, якія не плацяць узносы за сваіх супрацоўнікаў. Такіх прадпрыемстваў у Беларусі набралася аж 301, а іх запазычанасці дасягаюць 900 тысяч рублёў.

Калі супрацоўнікі гэтых арганізацый будуць сыходзіць на заслужаны адпачынак, іх будзе чакаць непрыемны сюрпрыз — мінімальная пенсія ў 103,5 рубля. І гэта пасля доўгіх гадоў працы!

Ці плаціць ваш працадаўца ўзносы ў ФСАН? Праверце ў гэтым спісе.

У Беларусі кожны працадаўца павінен заплаціць 34% ад заробку свайго супрацоўніка ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцта. 6% з іх ідзе непасрэдна ў ФСАН, 28 — у пенсійны фонд. Яшчэ адзін “пенсійны” адсотак плаціць сам супрацоўнік. Калі такія адлічэнні ёсць, чалавеку залічваецца страхавы стаж. Потым ён будзе атрымліваць пенсію, зыходзячы з працягласці стажу і памеру адлічэнняў.

Арганізацыі, вінныя сотні тысяч рублёў у ФСАН, не толькі не спяшаюцца вяртаць запазычанасці, але і… наймаюць новых работнікаў! Ці папярэджваюць іх пра тое, што праца не пойдзе ў страхавы стаж і не будзе залічаная пры разліку пенсій? Не. Уладкоўваючы людзей на працу, ім абяцаюць манну нябесную.

ААТ “Таргуны”, што ў Докшыцкім раёне, хваліцца прыбыткамі. Галоўны эканаміст прадпрыемства Лілія Апанасевіч хваліцца газеце “СБ — Беларусь сегодня”, што за апошні год мінусавую рэнтабельнасць атрымалася вывесці на 13% плюсу! Пры гэтым “Таргуны” вінныя Фонду сацыяльнай абароны 607895 рублёў!

У Агульнарэспубліканскім банку вакансій высвятляем, што цяпер гаспадарцы патрэбны ветэрынарны ўрач:

Умовы трэба абмяркоўваць з кіраўніком, магчыма, ён зможа вас нечым зацікавіць. Заробак розны. У нас два комплексы і дзевяць малочна-таварных ферм, — распавядаюць на прадпрыемстве.

— Хачу ўдакладніць наконт падаткаў і выплат у ФСАН…

Натуральна, ўсё гэта робіцца. І заробак у нас ў час выплачваецца.

Лепшыя працаўнікі ААТ "Таргуны". Ці атрымаюць яны працоўную пенсію? Фота: www.dokshitsy.by

Лёзненскаму райаграсервісу патрэбны галоўны бухгалтар.

“Адразу магу сказаць, што заробак выплачваецца несвоечасова, раз на тры месяцы. Не вельмі добрыя справы на прадпрыемстве, — шчыра папярэджвае мяне жанчына з тэлефона. — Узносы ў ФСАН? Вядома, плацім. Гэта ж дзяржаўнае прадпрыемства!”

Запазычанасць Лёзненскага райаграсервісу перад ФСАН — 173 795 рублёў.

У ААТ “Жвіранка”, што на Шаркаўшчыне, патрэбны повар. Аказваецца, выключна на летні сезон:

“З красавіка па кастрычнік, — распавядае жанчына на тым канцы дроту. — Пра заробак не ведаю, але кантракт з вамі падпішуць, і выплаты ў ФСАН будуць рабіцца: у нас плацяць за кожнага чалавека”.

ААТ “Жвіранка” віннае ФСАН 153 041 рубель!

“Слуцкаму аграсервісу” вельмі патрэбны заатэхнік.

“Кантракт, адпачынак, бальнічныя, узноскы ў ФСАН… Вядома! Мы афіцыйнае прадпрыемства!” — заахвочвае па тэлефоне дзяўчына. Хоць ты бяры і пераязджай у Слуцк!

Запазычанасць “Слуцкага аграсервісу” перад ФСАН — 488 479 рублёў.

Большасць арганізацый, з якімі мы размаўляем, хваляцца рэнтабельнасцю і заробкамі “у час”. Але ці быў бы такі “шакалад”, калі б прадпрыемствы своечасова плацілі за сваіх супрацоўнікаў “пенсійныя” узносы?

У спісе даўжнікоў — футбольны клуб “Крумкачы” (15 тысяч рублёў), нядаўна мадэрнізаваны “Магілёўдрэў” (40 тысяч рублёў), мінскі ўніверсам “Цэнтральны” (12 тысяч рублёў), ЗАТ “Сівельга” (68 тысяч рублёў) і нават беларускае прадстаўніцтва кітайскай кампаніі "Карпарацыя Сюань Юань", якое будавала, ды так і не дабудавала завод па вытворчасці кардону ў Добрушы (142 тысячы рублёў).

Самае сумнае, што знайсці ўправу на даўжнікоў дзяржава не можа, хаця міністр працы Ірына Касцевіч і запэўнівае Еўрарадыё, што з прадпрыемствамі вядзецца праца:

“Мы змагаемся з гэтым. Рэестр неплацельшчыкаў, якія не выплачваюць узносы са сваіх работнікаў, ёсць на сайце Фонду. Ён празрысты. І пад кантролем у нас кожнае прадпрыемства і кожны чалавек. Ёсць механізмы [спагнання], яны замацаваныя ў заканадаўстве".

Пра гэты спіс, спадарыня Касцевіч, мы добра ведаем. Толькі вось не працуюць “механізмы”, калі ў ім аж 301 прадпрыемства, іх сумарная запазычанасць дасягнула 27,3 млн рублёў. А крайнімі ў выніку апынуцца простыя людзі, якія будуць атрымліваць мінімальную пенсію.