Вы тут

Нарбекаў, ды не той. Хто прыехаў у Мінск з курсамі па самааднаўленні

Фота: norbekov.org.ua

Доктара Нарбекава і яго сістэму памятае кожны, хто заспеў 1990-я ў свядомым узросце. Рэклама на вуліцах і па тэлебачанні, абяцанні аднавіць здароўе, вярнуць упэўненасць у сабе і навучыць “методыцы поспеху” рабілі сваю справу: Мірзакарым Нарбекаў стаў вядомым і папулярным чалавекам.

Але з часам доктар быццам бы сышоў у цень.

І раптам невялікая абвестка ў мінскім метро: 5 ліпеня — аўтарская сустрэча, а з 6 па 13 ліпеня — курс самааднаўлення па сістэме Нарбекава! Кошты, што праўда, кусаюцца: 40 рублёў за сустрэчу, 340 — за курс…

"Калі вам прапісалі курс, 10 уколаў, вы ж не можаце зрабіць адзін, праўда? — кажа дзяўчына, якая адказвае па нумары, пазначаным на рэкламе Нарбекава. — Для таго, каб быў эфект, каб вы ўбачылі, як гэта працуе, для таго, каб вас паправілі, мусіць быць курс. Мы не разглядаем магчымасць, каб людзі наведвалі і плацілі за адзін занятак".

Яна распавядае, што наведвальнікаў курса чакаюць гутаркі, а таксама праца з пазваночнікам, са зрокам, сустаўная гімнастыка і энергетычныя практыкі. Група будзе невялікая — 8-10 чалавек, якія запісаліся пасля папярэдняй аўтарскай сустрэчы з Нарбекавым у Мінску.

"Калі вы няўпэўненая па жыцці, дык пасля курса вы станеце іншым чалавекам! — сцвярджае наша суразмоўца. — Я наведвала гэтыя курсы. Са мной была адна вельмі заціснутая дзяўчына. Было бачна, што яна вельмі саромеецца, асцярожнічае. Пад канец курса я яе не пазнала — яна стала іншым чалавекам. Паверце, Нарбекаў дасць вам іншы стан".

Але ўвага: у Мінску з гастролямі выступае не Мірзакарым, а... Мірзаахмат Нарбекаў! Інтэрнэт падказвае, што гэта малодшы брат аўтара цудадзейнай сістэмы. Ён быццам бы жыве ў Харкаве, дзе заснаваў “Акадэмію самааднаўлення чалавека”.

 

Акрамя іх, ва ўкраінскай “Вікіпедыі” згадваецца Ніна Нарбекава — жонка ўжо трэцяга з братоў Нарбекавых, Мірзакабула. І яна таксама з’яўляецца трэнерам па самаразвіцці!

Атрымліваецца, што Нарбекавы — гэта парасонавы брэнд. Як "Песняры", клоны якіх “працуюць” у Расіі і ва Украіне. Слова “Нарбекаў” на абвестцы напісанае вялікімі літарамі. Слова “Мірзаахмат” — нашмат меншымі…

Абодва Нарбекавы называюць сябе Настаўнікамі, Майстрамі, акадэмікамі і дактарамі псіхалогіі і філасофіі ў медыцыне. Спіс доўгі. Пры гэтым інфармацыі пра адукацыю, абарону дысертацый, навуковыя працы братоў у нас адшукаць не атрымалася. Да Нарбекава мае прэтэнзіі руская праваслаўная царква.

А вось гісторыі пра лячэнне на курсах знайсці атрымалася без праблем. Станоўчых водгукаў шмат, але ёсць і такія, якія, прама скажам, не натхняюць. Вось адзін з іх:

"Гэтая 40-гадовая жанчына прыйшла ўчора да мяне на прыём з супярэчлівымі пачуццямі. Уласна, яе прывяла дачка, якая да гэтага і аплаціла маці двухтыднёвы цыкл заняткаў на курсах Нарбекава. Толькі ўчора дачка зразумела, што мама мае патрэбу ў дапамозе псіхіятра, а да гэтага яны радаваліся, што ў выніку інтэнсіўных заняткаў, якія ўключаюць "Танец душы" і "Растварэнне ў Сусвеце", мама адчула “святло ва ўсім целе, а з нырак стаў выходзіць пясочак”".

На момант агляду стан маці можна было кваліфікаваць як параноідны. Яна не спала дзве ночы. Стаяла на балконе, улоўліваючы добрыя вібрацыі. Адчула ўнутры сябе "актаву", якая кіруе ўсімі яе дзеяннямі, з поўнай упэўненасцю ў тым, што яна абраная. Потым "адбылося расшчапленне — адна палова казала, што чакры цалкам раскрытыя і цяпер ёй трэба служыць чалавецтву, іншая — што яе душа прададзеная д'ябальскім чарам Нарбекава".

Пры выканкамах беларускіх гарадоў працуюць адмысловыя мастацкія саветы, якія ўважліва вывучаюць рэпертуар артыстаў і могуць забараніць правядзенне таго ці іншага канцэрта. У Мінску такія выпадкі не рэдкія. Нават шкада, што пры Міністэрстве аховы здароўя няма падобнага савета, які б перад выдачай "гастролькі" вывучаў дзейнасць "трэнераў" і "акадэмікаў".