Вы тут

Начальніка філіяла "Мінскаблдарбуду" злавілі на адкатах у 10% ад угоды

Фота: foter.com

Начальнік філіяла "Мінскаблдарбуду" браў адкаты ў памеры 7-10% ад сумы ўгоды. Такія лічбы назвала афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, інфармуе БЕЛТА.

Яго крымінальную справу па абвінавачанні ў атрыманні хабару ў буйным памеры расследавала следчае ўпраўленне СК па Мінску.

Паводле звестак следства, са снежня 2016-га па студзень 2018 года начальнік філіялу прыняў ад дырэктара камерцыйнай арганізацыі больш за 18 тысяч рублёў. Гэтыя грошы яму давалі за дапамогу ў заключэнні дагавораў пастаўкі мазуту, бітуму і пагашэнні філіялам дэбіторскай запазычанасці.

Менеджара ўзялі пад варту. Яму выставілі абвінавачанне. На яго маёмасць - дзве кватэры, бытавую тэхніку і больш за 300 тысяч рублёў — накладзены арышт. Пракурор накіраваў крымінальную справу ў суд.

Мужчыну затрымалі ў студзені 2018 года пры атрыманні чарговага ўзнагароджання ў 2300 долараў.