Вы тут

Нацбанк распавёў, якія аперацыі з токенамі лічыць падазронымі

Ілюстрацыя: Medium

28 сакавіка ў Беларусі набывае моц дэкрэт №8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі". У сувязі з гэтым Нацыянальны банк падкарэктаваў сваю інструкцыю аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам. У прызначаным для банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і ААТ "Банк развіцця" дакуменце аб супрацьдзеянні адмыванню грошай з'явіліся азначэнні "аператар крыптаплатформы", "аператар абмену крыптавалют", "лічбавы знак (токен)".

Да цяперашняга часу дакумент утрымліваў 44 крытэра выяўлення і прыкмет падазроных фінансавых аперацый. Нацбанк выключыў пункт 60.42, які тычыўся зняцця сродкаў з рахункаў індывідуальных прадпрымальнікаў. І дадаў тры новых пункты: 60.442, 60.443 і 60.444. Першы з іх – аб супрацоўніцтве банкаў з Дэпартаментам фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю. Два іншых – аб аперацыях з токенамі.

Яны сфармуляваныя так:

60.443. ажыццяўленне кліентам фінансавай аперацыі ў памеры, блізкім па значэнні або перавышаючым 1000 базавых велічыняў, звязанай з набыццём або адчужэннем лічбавых знакаў (токенаў) за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы, калі гэта не абумоўлена характарам дзейнасці кліента і (або) адсутнічае крыніца паходжання грашовых сродкаў;

60.444. ажыццяўленне кліентам фінансавай аперацыі ў памеры, блізкім па значэнні або перавышаючым 1000 базавых велічынь, звязанай з набыццём або адчужэннем лічбавых знакаў (токенаў) за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы ў нерэзідэнтаў без удзелу рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій. Выяўленне такіх аперацый, што ажыццяўляюцца пры выкарыстанні банкаўскіх плацёжных картак з дапамогай сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт і мабільнай сувязі, ажыццяўляецца на стадыі далейшага кантролю.

Такім чынам, Нацбанк лічыць падазронымі куплю і продаж лічбавых знакаў (токенаў) на суму прыблізна роўная або большую за 24,5 тысячы рублёў (~$12,5 тысячы), калі ў здзелцы ўдзельнічалі нерэзідэнты ПВТ і пры гэтым не ўдзельнічаў рэзідэнт ПВТ; калі паходжанне сродкаў незразумелае i (або) калі здзелка не абумоўленая характарам дзейнасці кампаніі.

Сярод іншых прыкмет падазронасці фінансавых аперацый можна знайсці пералічэнне сродкаў у "афшор", адсутнасць у аперацыі яўнага эканамічнага сэнсу, неабгрунтаваная паспешнасць у правядзенні аперацыі, на якой настойвае кліент.

Пастанова праўлення Нацбанка №62, якой была выпраўленая інструкцыя, набывае моц 28 сакавіка 2018 года – адначасова з дэкрэтам №8.