Вы тут

Мікалай Статкевіч сышоў з суда і папрасіў яго адвезці ў турму

Мікалай Статкевіч у студыі Еўрарадыё. Здымак з архіву.

4 ліпеня Першамайскі суд Мінска завочна аштрафаваў на 980 рублёў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. За заклікі да правядзення несанкцыянаванай акцыі. Статкевіч быў затрыманы 3 ліпеня пасля выхаду з дома, ноч ён правёў за кратамі. Як інфармуе Радыё Свабода, палітык не захацеў прысутнічаць на судзе. Ён заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у спектаклі — яго збіраліся судзіць за тое, што ён хацеў "ускласці кветкі да помніка". "Ганьба!", — сказаў Мікалай Статкевіч і выйшаў з залі. Ахова яму не перашкаджала. Статкевіч папрасіў канвой, каб яго адвезлі ў турму даседжваць 10 сутак адміністрацыйнага арышту (пакаранне за адну з несанкцыянаваных вулічных акцый).

Як вядома, Статкевіч праз сацсеткі заклікаў сваіх прыхільнікаў прыйсці 3 ліпеня на "Акцыю вызвалення і салідарнасці" на вуліцу Талбухіна. Аднак там міліцыя затрымала актывістаў. Агулам у пастарунак трапіла каля 30 чалавек, большасць з іх пасля адпусцілі, а некаторых у сераду судзяць.