Вы тут

Міхаіла Жызнеўскага пахавалі побач з сынам — Героем Украіны

Міхаіл Жызнеўскі каля магілы сына Міхася. Фота з архіву svaboda.org

У вёсцы Сцяг Працы на Гомельшчыне сёння пахавалі Міхаіла Жызнеўскага — бацьку Героя Украіны Міхася Жызнеўскага. Як паведамляе Радыё "Свабода", Міхаіл Жызнеўскі знайшоў вечны супачын побач з магілай сына. Над магілай луналі бел-чырвона-белы і жоўта-блакітны сцягі. Труна Міхаіла Жызнеўскага таксама была накрытая бел-чырвона-белым сцягам.

Жызнеўскі-старэйшы памёр 8 красавіка на 73-м годзе жыцця. Ён на чатыры гады перажыў сына, забітага стрэлам у сэрца 22 студзеня 2014 года ў Кіеве падчас Рэвалюцыі годнасці. 

Міхаіл Жызнеўскі нарадзіўся 1 верасня 1945 года ў Навабеліцкім раёне Гомеля. У маладыя гады па камсамольскай пуцёўцы працаваў на лесасеках Карэліі. Калі вярнуўся ў Гомель, доўгі час працаваў слесарам-сантэхнікам. На пенсію канчаткова выйшаў толькі ўвосень 2015-га, маючы за плячыма поўныя 70 гадоў.

У чэрвені 2017-га ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка ўручыў Міхаілу і Ніне Жызнеўскім зорку Героя Украіны, якой пасмяротна быў узнагароджаны іх сын. Дарэчы, Міхась Жызнеўскі стаў першым замежным грамадзянінам, якога ўганаравалі званнем Героя Украіны.