Вы тут

Легалайз на рынках: сваю прадукцыю можна прадаваць без сертыфікатаў якасці

На беларускіх харчовых рынках рамеснікам дазволілі гандляваць сваёй прадукцыяй без сертыфікатаў якасці і бяспекі. Пастанова Савета міністраў №452 адкрывае фізічным асобам магчымасць прадаваць “крафтавыя” вырабы, якія не прайшлі ветэрынарны агляд і ветэрынарна-санітарную экспертызу.

Дакумент набыў моц яшчэ 16 чэрвеня 2018 года, то бок месяц таму. Але, па словах начальніка аддзела сацыяльнага развіцця Камароўскага рынка Івана Ткачука, рамеснікі не спяшаюцца займаць прызначаныя для іх гандлёвыя месцы:

“Мяркую, што людзі пакуль проста не ведаюць пра гэтую магчымасць. Ажыятажу няма, а гаворкі пра тое, што каму-небудзь не хопіць месца, увогуле не ідзе. Па-першае, вольных месцаў дастаткова — дакладна больш за 100. Па-другое, у выпадку неабходнасці можна паставіць дадатковыя сталы”.

Гандляваць можна хлебабулачнымі і кандытарскімі вырабамі, а таксама гатовай кулінарнай прадукцыяй.

Шэрагі, дзе гандлююць без дакументаў аб якасці і бяспецы прадукцыі, адзначаныя адмысловымі таблічкамі. Заняць месца нескладана: адміністратар праверыць вашыя дакументы (пашпарт, флюараграфія, даведка аб аплаце падатку) і выпіша чэк, па якім трэба заплаціць у касе 8 рублёў. І ўсё — можна гандляваць.