Вы тут

Каму мітрапаліт Павел перадарыў “Майбах”? — “Вы пра гэта не даведаецеся”

Фота church.by

На судзе над былым кіраўніком выдавецтва Беларускага экзархата Уладзімірам Грозавым мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел распавёў, што на дзень нараджэння яму падарылі “Майбах”. Па словах патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, аўтамабілі яму ўвогуле дарылі неаднаразова, а ён іх перадаваў у манастыры і прыходы.

Самы танны “Майбах” каштуе пад $150 тысяч, цэны люксавых мадэляў пачынаюцца ад $200 тысяч і заканчваюцца ў космасе. Хто падарыў кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы нятаннае аўто, можна толькі здагадвацца. Вядома, што “Майбах”, таксама атрыманы ў падарунак, ёсць у Аляксандра Лукашэнкі.

Але каму Павел перадаў дарагі падарунак? Еўрарадыё вырашыла высветліць, у якім прыходзе цяпер карыстаюцца “Майбахам” мітрапаліта.

 

Фотакалаж з Youtube-канала NEXTA.

“Вы пра гэта ніколі не даведаецеся”, — проста адказвае нам прэс-сакратар БПЦ, айцец Сяргей Лепін.

“Я думаю, калі б той, хто падарыў, хацеў пра гэта сказаць, гэта было б вядома, — дадае Сяргей Лепін. — Мы лічым, што не трэба размаўляць на гэтую тэму, лічым яе асабістай і непублічнай”.

 

Прэс-сакратар БПЦ падкрэслівае, што са словаў мітрапаліта Паўла не вынікае, што усе падараныя аўтамабілі ён перадае манастырам і прыходам. Па яго словах, цяпер мітрапаліт Павел ездзіць на BMW, які застаўся ў епархіі з часоў яго папярэдніка — мітрапаліта Філарэта.

Між тым, у 2015 і ў 2017 гадах мітрапаліта Паўла фатаграфавалі побач з шыкоўным Range Rover на расійскіх нумарах. Верагодна, гэты аўтамабіль таксама знаходзіцца ў гаражы экзархата.

 

Раней, амаль адразу пасля прызначэння ў Беларусь, Павел ездзіў на белым BMW сёмай серыі.