Вы тут

Іржавыя люкі на Рэвалюцыйнай — часовыя. Сапраўдныя іржавыя люкі будуць пазней

Адзін з новых люкаў у цэнтры Мінска. Фота: старонка Юрыя Зісера ў Facebook.

На вуліцах Камсамольскай і Рэвалюцыйнай у цэнтры Мінска заменяць каля 40 крышак люкаў, якія праржавелі і не трымаюцца на сваіх месцах. Гэтыя крышкі люкаў, якія выклікаюць абурэнне мінчукоў — часовыя. Будаўнікі банальна пераблыталі іх з асноўнымі.

Пра гэта Еўрарадыё распавялі на ліцейным прадпрыемстве “Тэрмет”, якое вырабіла і паставіла крышкі люкаў для абноўленых вуліц:

“Ёсць два тыпу люкаў: сярэднія і цяжкія, з рознымі дыяметрамі. Іх пераблыталі, і паклалі не тыя. Гэта часовыя крышкі, — кажа дырэктар “Тэрмета” Сяргей Якубоўскі. — Тыя, якія патрабуюцца, пакуль вырабляюцца”.

У рамонт вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай укладзена больш за 2,3 млн рублёў з бюджэту. Гэта, мякка кажучы, шмат. Таму мінчане вельмі здзівіліся, калі ўбачылі, што некаторыя люкі не закрываюцца! Іх крышкі апынуліся не таго памеру.

Глядзіце: адна з іх проста хістаецца пад нагамі! Гэта не тое каб добра, асабліва калі ўлічыць, што вуліцу перарабілі пад пешаходную:

Да таго ж, шмат якія крышкі люкаў паржавелі пасля першага ж дажджу.

“Калі метал (чыгун) не пафарбаваць, дык ён заржавее. Заказчык [“Мінская спадчына”. — Еўрарадыё] у нас афарбоўку не запрасіў”, — тлумачыць Сяргей Якубоўскі.

Па яго словах, на замену люкаў спатрэбіцца 2-3 тыдні. Іх будуць замяняць па чарзе. То бок, сітуацыі, калі ў цэнтры Мінска на пешаходных вуліцах з’явіцца адразу 40 адкрытых люкаў, не будзе.