Вы тут

Ігар Шуневіч паставіў задачу мінскаму "Дынама" на будучы сезон (фота)

Фота: hcdinamo.by

Ігар Шуневіч паставіў задачу мінскаму "Дынама". Старшыня назіральнага савета хакейнага клуба, міністр унутраных спраў паведаміў, што каманда павінна выйсці ў плэй-оф Кубка Гагарына.

Як інфармуе прэс-служба ХК "Дынама-Мінск", Шуневіч сустракаўся не з усёй камандай, а толькі з трэнерскім штабам. Спачатку яго падрабязна праінфармавалі пра тое, як дынамаўцы рыхтуюцца да сезону. Выступалі гендырэктар клуба Анатоль Курылец, галоўны трэнер Гордзі Дуаер. Ігар Шуневіч у сваёй прамове адзначыў, што, у адрозненне ад мінулага сезону, сёлета ўдалося пазбегнуць памылак у фармаванні складу каманды — да пачатку збораў ён ужо практычна гатовы. Яшчэ працягваюцца перамовы з некалькімі гульцамі, якія могуць папоўніць "Дынама".

"Радуе, што ў "Дынама" прыйшло нямала маладых хакеістаў: з імі мы звязваем будучыню нашага клуба і ўсяго беларускага хакею", — цытуе словы Шуневіча сайт hcdinamo.by. Па словах міністра, у будучым сезоне мінскае "Дынама" павінна рэабілітавацца за няўдалы мінулы сезон (каманда не трапіла ў плэй-оф). Ігар Шуневіч прааналізаваў выступленне дынамаўцаў і прыйшоў да высновы, што "ключавы фактар поспеху — стабільнасць". Бо летась былі бліскучыя перамогі над моцнымі сапернікамі і паражэнні ад аўтсайдэраў.

"Галоўная задача на сезон у нас адна — выхад у плэй-оф Кубка Гагарына, — гаварыў Шуневіч. — Гэтага ад нас чакае кіраўніцтва, чакаюць заўзятары. Лічу, мы павінны справіцца. Склад сфармаваны баяздольны, фінансавае становішча клуба стабільнае, забяспечаны ўсе ўмовы для плённай працы. Зараз справа за вамі!".

Старшыня праўлення ХК "Дынама-Мінск" пажадаў камандзе ўдачы ў новым сезоне.