Вы тут

Хакеісты зборнай Беларусі сёння гуляюць са швейцарцамі

Фота: http://hockey.by

У сераду, 9 траўня, на чэмпіянаце свету ў Капенгагене хакеісты зборнай Беларусі гуляюць са швейцарцамі. Пачатак у 17:15 паводле беларускага часу, жывая трансляцыя — на тэлеканале "Беларусь 1".

Гэта першы матч зборнай, у якім ёй будзе кіраваць Сяргей Пушкоў, выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера (пасля нядаўняй адстаўкі канадскага спецыяліста Дэйва Льюіса). Пасля трох паядынкаў у беларусаў тры разгромныя паражэнні: 0:5 ад шведаў, 2:6 ад французаў, 0:6 ад расіян. Зборная Беларусі займае апошняе месца ў групе А, у яе няма ачкоў. Швейцарыя з 6 ачкамі знаходзіцца на трэцяй пазіцыі. Напярэдадні швейцарцы саступілі па булітах чэхам — 4:5.

На сайце Федэрацыі хакея Беларусі ў рэпартажы з ранішняй трэніроўкі зборнай чытаем: "Не спрабуючы прадказаць вынік паядынку, адзначым толькі відавочныя змены. Атмасфера на лёдзе стала іншай. З'явілася адчуванне датычнасці галоўнага трэнера да таго, што адбываецца. Узрос тэмп трэніровак і ўзровень патрабавальнасці да гульцоў. Прапрацоўка ідзе на ўсіх узроўнях — ад фізічных адзінаборстваў да тактычных схемаў... Ну, і запрацавала, нарэшце, тое, што прынята называць матывацыяй з боку галоўнага трэнера".