Вы тут

Граніт для новага будынку Вярхоўнага суда каштуе $3 млн

Фота Еўрарадыё. Тут будзе працаваць Вярхоўны суд

На набыццё “нестандартных будаўнічых канструкцый і вырабаў з натуральнага каменю” для новага будынку Вярхоўнага суда дзяржава выдаткавала 5 740 352,34 беларускага рубля. 29 сакавіка Савет Міністраў прыняў пастанову, якая вызначыла тэрмін адпрацоўкі гэтых сродкаў.

 

Скрыншот з сайта pravo.by

Вярхоўны суд мусіць пераехаць у будынак на вуліцы Арлоўская ў Мінску. Цяпер там поўным ходам ідзе будаўніцтва. Староннім на тэрыторыю праход забаронены, яна агароджаная плотам. Каб даведацца пра “вырабы з натуральнага каменю”, нашай журналістцы давялося чакаць, пакуль хто-небудзь выйдзе з будпляцоўкі.

Нарэшце, нам шанцуе. Будаўнікі распавядаюць, што натуральны камень — гэта граніт. Па іх словах, такі ж самы выкарыстоўвалі пры будаўніцтве Палаца Незалежнасці, які стаіць насупраць. Дарэчы, будынкі знешне вельмі падобныя.

Палац Незалежнасці. Па словах будаўнікоў, такі ж граніт будзе і на фасадзе новага будынка Вярхоўнага суда.
Будынкі сапраўды знешне падобныя.

На сайце icetrade.by знаходзім тры тэндары на аздабленне для Вярхоўнага суда, два з якіх прайшлі паспяхова.

Мармуровыя пліты з металічнай падвеснай сістэмай ад прыватнага прадпрыемства “СаюзГраніт” каштавалі дзяржаве 1 146 130,86 рублёў.

Наступны тэндар — на вырабы з натуральнага каменю, той самы граніт. Яго выйграла ТАА “Гранітбудкамплектплюс”. На гэтую закупку дзяржава патраціла 1 181 596,33 беларускага рубля. Цікава, што ў пастанове Савета міністраў гэтыя лічбы адсутнічаюць.

Прадстаўнік “Гранітбудкамплектплюс” распавёў, што, акрамя фасада, граніт будуць выкарыстоўваць і ўнутры будынка. Пытаемся ў яго, чаму дэкор каштуе так дорага.

“Камень дэкаратыўны, памеры вялікія. Ды і граніт — дарагі матэрыял, — адказвае суразмоўца Еўрарадыё. — Добры якасны граніт прыгожых дэкаратыўных адценняў”.

 

Фасад будынка яшчэ не гатовы.

Ну, калі добры і якасны, дык грошай, вядома ж, шкадаваць не трэба. Усё для Вярхоўнага суда!

Кампанія ўдзельнічала і ў іншых тэндарах на будматэрыялы для будынка Вярхоўнага суда. Напрыклад, на пастаўку мармуровых пліт. Але заказчыкі выбралі таннейшыя прапановы. Яшчэ адзін тэндар на пакупку пліткі са звышшчыльнай керамікі "Techlam" або яе аналага прызнаны не здзейсненым (сума заказу складала 2 400 602, 64).

Пакуль што Вярхоўны суд разглядае справы ў двух месцах — на вуліцы Леніна насупраць стадыёна Дынама і на вуліцы Валадарскага каля СІЗА №1. Яго новы будынак плануюць адкрыць да 7 лістапада 2018 года. Яго знешняе аздабленне амаль скончанае, але працы над фасадам яшчэ вядуцца.