Вы тут

Фактчэкінг. Дасягненні Беларусі, паказаныя па ТБ пасля слоў Лукашэнкі

Яны зрабілі гэта разам. Ці не?

Трансляцыя паслання Аляксандра Лукашэнкі па беларускім ТБ скончылася ролікам "Мы зрабілі гэта разам". Яго аўтары паскрэблі па міжнародных рэйтынгах і сабралі ўсе дасягненні Беларусі. І ведаеце што? Калі верыць беларускаму тэлебачанню, наша краіна не так і дрэнна выглядае на фоне іншых! Мы жывем амаль у самай лепшай краіне, і амаль усе астатнія краіны нам зайздросцяць!

Але гэта да таго, як Еўрарадыё вырашыла правесці фактчэкінг гэтых нашых выдатных дасягненняў.

10 месца ў свеце па індэксе бяспекі

Выглядае вельмі крута! Але давайце разбярэмся. Індэкс бяспекі распрацаваны папулярным сэрвісам Numbeo і заснаваны на апытаннях карыстальнікаў сайта. Беларусь на 15 месцы сярод 115 краін (10-я пазіцыя ў краіны была, але ў мінулым годзе). Пры гэтым горад Мінск па бяспецы на 36 месцы ў свеце.

На "Індэкс бяспекі" спасылаецца і кіраўнік дзяржавы ў пасланні. Ён таксама памылкова кажа аб 10 месцы. Ды і на сайце МЗС таксама ўжо можна памяняць інфу.

Па даступнасці медыцынскай дапамогі Беларусь уваходзіць у топ-3 сусветных лідараў

Рэйтынг краін па эфектыўнасці сістэм аховы здароўя складзены аналітыкамі агенцтва Bloomberg на падставе даных СААЗ, ААН і Сусветнага банка. Па-першае, у гэтым рэйтынгу Беларусь на 48 месцы ў свеце (гэта сярод 55 краін). Адкуль тады вось гэта "уваходзіць у топ-3"?

Адзін з трох паказчыкаў рэйтынгу — "Кошт медыцынскіх паслуг у пераліку на душу насельніцтва (у доларах)". Гэта мы і трактуем, як "даступнасць меддапамогі". Але нават па гэтым паказчыку Беларусь на 9 месцы (была ў топ-3 ў рэйтынгу 2014 года). І, дарэчы, у сусветным рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь на 72 месцы. Гэта і ёсць наш рэальны рэйтынг.

Беларусь цалкам забяспечвае сябе харчаваннем

"Па шэрагу тавараў (мяса, сметанковае масла, сыр, яйкі, мука) попыт пакупнікоў практычна цалкам задавальняецца за кошт прадукцыі беларускіх таваравытворцаў" — цытуем сайт Белстата. У 2017 годзе краіна экспартавала харчовых тавараў на 3,6 млрд. долараў. А імпартавала — на 3,1 млрд. У плюсе на $462 млн.

Пры гэтым 54,7% круп, 28% гародніны, 80,3% алею і 91,2% садавіны, якія спажываюць беларусы — імпартныя. Але самі вырасціць бананы ці рыс мы і не можам.

37 месца ў рэйтынгу "Вядзенне бізнесу 2017"

У рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business Беларусь таксама ўжо апусцілася на адну пазіцыю (38). Пры гэтым па падаткаабкладанні мы... на 96 пазіцыі.

Беларусь лідзіруе ў глабальным рэйтынгу развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на постсавецкай прасторы

Гэтая фармулёўка — "на постсавецкай прасторы" — адразу насцярожвае. У сусветным рэйтынгу Беларусь на 32-м месцы. А сярод краін постсавецкай прасторы — на першым, але гэта калі не лічыць постсавецкай прасторай Эстонію (яна на 17 месцы). Ці то з гісторыяй у аўтараў фільма дрэнна, ці то з геаграфіяй, ці то з падлікамі.

Аб'ём замежных інвестыцый (2016 г.) — 8.5 млрд долараў

А ў 2017 годзе — 9,7 млрд. долараў. Нават дзіўна, што мы карыстаемся састарэлымі дадзенымі — бо карцінка палепшылася! Праўда, 7% замежных інвестыцый — кіпрскія, а брытанскіх і таго больш — 26%. Хто гэтыя кіпрыёты і брытанцы, якія інвестуюць у Беларусь? Ці не нашы з вамі былыя суграмадзяне, якія абралі больш ціхія гавані для сваіх бізнесаў?

І яшчэ праўда тое, што з 2014 года замежныя інвестыцыі ўпалі на траціну.

Кожную гадзіну ў Беларусі нараджаецца 14 дзяцей

У 2017 годзе ў краіне нарадзілася 102 556 дзяцей або ў сярэднім 11,7 дзіцяці ў гадзіну. 14 дзяцей у гадзіну нараджалася ў 2015 годзе. Але ўжо два гады нараджальнасць зніжаецца.