Вы тут

Дыега Марадона ўзначаліў брэсцкае “Дынама”

Дыега Марадона (справа) трымае беларускі сцяг. Фота: Instagram-акаўнт Маціяса Морлы.

Аргентынскі футбольны спецыяліст Дыега Марадона стаў старшынём праўлення брэсцкага "Дынама". Агент Марадоны Маціяс Морла апублікаваў у сваім Instagram-акаўнт сумесны здымак з легендарным аргентынцам і беларускімі сцягамі. Фатаграфію ён падпісаў так: "Рады, што дасягнулі дамоўленасці з беларускім клубам "Дынама" (Брэст). Прызначэнне Дыега Марадоны ў якасці старшыні праўлення клуба і адказнага за ўсю футбольную вертыкаль брэсцкага "Дынама" — гэта новы выклік для Дыега, як часта бывала ў яго жыцці".

Напярэдадні Маціяс Морла ў размове з Еўрарадыё пацвердзіў магчымы пераход аргентынца ў брэсцкае "Дынама" і крайнюю зацікаўленасць Дыега Марадоны ў працы ў беларускім клубе.

Афіцыйны твітар-акаўнт берасцейцаў пацвярджае інфармацыю аб прызначэнні Марадоны. Кантракт са спецыялістам разлічаны на тры гады.

"Дыега Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця клуба, а таксама ўзаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі, уключна з дзіцячай акадэміяй "Дынама-Брэст". Марадона прыступіць да сваіх паўнамоцтваў пасля заканчэння Чэмпіянату свету ў Расіі", — тлумачаць у твітары прадстаўнікі "Дынама".

Фота: твітар-акаўнт брэсцкага "Дынама"
Фота: Інстаграм-акаўнт tajeddineseif