Вы тут

Дар’я Домрачава аб’явіць пра заканчэнне спартыўнай кар’еры?

Дар'я Домрачава. Фота: БЕЛТА

25 чэрвеня ў 15:00 славутая беларуская біятланістка Дар’я Домрачава збірае прэс-канферэнцыю ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Тэма не агучваецца, але ўсім зразумела, пра што пойдзе гаворка. Некалькі месяцаў пасля Алімпіяды ў Пхёнчхане Домрачава прымала рашэнне: працягваць спартыўную кар’еру ці закончыць яе, каб аддаваць больш увагі, часу сям’і.

30 чэрвеня ў Дар’і заканчваецца тэрмін кантракту са зборнай Беларусі, заўважае “Прессбол”. Малаверагодна, што яна збірала б прэс-канферэнцыю, каб збіралася яго працягнуць.

3 жніўня Дар’і Домрачавай споўніцца 32 гады. Яна — чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі. Домрачава ў шлюбе з знакамітым нарвежскім біятланістам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам, які сёлета скончыў сваю спартыўную кар’еру. Яны гадуюць дачку Ксенію, яна нарадзілася ў кастрычніку 2016-га.

Раней пра заканчэнне спартыўнай кар’еры аб’явіла беларуская біятланістка, алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна.