Вы тут

Дакументальны фільм пра допінг у расійскім спорце атрымаў "Оскар"

Гільерма дэль Тора. Фота: Reuters

У Лос-Андж'лесе прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміі "Оскар". Найлепшым фільмам была прызнаная карціна Гільерма дэль Тора "Форма вады", перадаюць амерыканскія СМІ.  

На галоўны "Оскар" таксама прэтэндавалі "Прывідная нітка" Пола Андэрсана, "Дзюнкерк" Крыстафера Нолана, "Лэдзі Бёрд" Грэты Гервіг, "Цёмныя часы" Джо Райта, "Кліч мяне сваім імем" Лукі Гуаданьіна, "Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры" Марціна Макдонаха, "Сакрэтнае дасье" Стывена Спілберга, "Прэч" Джордана Піла.

"Форма вады" хаця і была вылучаная ў 13 намінацыях, атрымала чатыры статуэткі. Акрамя галоўнай узнагароды Гільерма дэль Тора атрымаў прэмію як найлепшы рэжысёр. Таксама "Форма вады" атрымала прэмію за найлепшы саўндтрэк і найлепшы дызайн фільма.

Прэмія ў катэгорыі "Найлепшая жаночая роля" дасталася Фрэнсіс МакДорманд — за галоўную ролю ў фільме "Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры".

Прыз за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў Гары Олдман — за ролю Уінстана Чэрчыля ў фільме "Цёмныя часы".

Найлепшым акторам другога плана журы прызнала Сэма Рокуэла за ролю Джэйсана Дыксана ў фільме "Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры". А найлепшай актрысай другога плана стала Элісан Джэні за ролю Лавоны Голдэн ў фільме "Тоня супраць усіх".

Найлепшым арыгінальным сцэнаром журы прызнала сцэнар да фільма "Прэч", які напісаў Джордан Піл. Прыз за "Найлепшы адаптаваны сцэнар" атрымаў Джэймс Айвары — фільм "Кліч мяне сваім імем" (паводле аднайменнага рамана Андрэ Асімана).

У анімацыі найлепшым фільмам стала карціна "Таямніца Како" Лі Анкрыча і Дарла К. Андэрсана.

У намінацыі "Найлепшы фільм на замежнай мове" прыз выйграла карціна чылійца Себасцьяна Леліа "Фантастычная жанчына".

Найлепшым дакументальным фільмам журы конкурсу прызнала карціну "Ікар" амерыканскага рэжысёра Браяна Фогеля. Гэты фільм распавядае пра допінг у расійскім спорце.