Вы тут

Б’ёрндалену маглі дазволіць выступіць за Беларусь на Алімпіядзе, ён адмовіўся

Уле Эйнар Б'ёрндален. Фота: tv2.no

Уле Эйнару Б’ёрндалену маглі дазволіць выступіць за Беларусь на Алімпіядзе, але ён адмовіўся. Знакаміты нарвежскі біятланіст лічыць, што прыняў правільнае рашэнне. Гутарка з Б’ёрндаленам з’явілася на сайце tv2.no.

Як вядома, 44-гадовы спартсмен не быў уключаны ў склад алімпійскай зборнай Нарвегіі, паколькі паказваў невысокія вынікі на этапах Кубка свету. У Пхёнчхан ён паехаў разам з беларускай зборнай, дапамагаў сваёй жонцы Дар’і Домрачавай, адкатваў лыжы для іншых біятланістаў. Цяпер жа высвятляецца, што Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны саюз біятланістаў маглі адмяніць каранцін для нарвежца пры яго пераходзе ў беларускую зборную.

“Я нарвежац, было б складана выйсці на стадыён у беларускай форме, — кажа Б’ёрндален. — Не думаю, што гэта было б правільна. Таму маё рашэнне было апраўдана… У выніку рашэнне прыняў я сам… Я падзякаваў, але адмовіў… Я правёў так шмат выдатных спаборніцтваў за Нарвегію, так што гэта было б няправільна”.