Вы тут

Б'ёрндален пракаментаваў рашэнне Домрачавай завяршыць кар'еру

Уле-Эйнар Б'ёрндален і Дар'я Домрачава. Фота: Еўрарадыё

Уле-Эйнар Б'ёрндален пракаментаваў нарвежскім СМІ рашэнне сваёй жонкі Дар'і Домрачавай завяршыць спартовую кар'еру, перадае БЕЛТА.

Васьміразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне адзначыў, што Дар'я — цэльная натура, якая на 100 адсоткаў аддаецца абранай справе. Па словах Б'ёрндалена, беларускай біятланістцы нялёгка далося прынятае рашэнне: на тое, каб разабрацца ў сітуацыі, спатрэбілася шмат часу.

"Калі б яна працягнула кар'еру, то ёй бы не ўдалося вылучаць час для дачкі Ксеніі. Прызнаюся, мне будзе сумна глядзець біятлон пасля завяршэння актыўных выступаў Дар'і. Яна выбітная спартсменка і вельмі добра спраўлялася з ціскам — яе спакой перад стартам уражваў", — падзяліўся Б'ёрндален. 

Па яго словах, цяпер у іх з жонкай ёсць шмат планаў і яны працуюць над рознымі праектамі. Свой выбар Б'ёрндален і Домрачава мяркуюць зрабіць  на працягу некалькіх месяцаў.

Пра свой сыход з вялікага спорту Дар'я Домрачава абвясціла на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня ў Мінску. "Увесь час пасля заканчэння сезону спрабавала знайсці кампраміс, які дазволіў бы мне выхоўваць дзіця і сумяшчаць гэта ўсё з прафесійнай спартыўнай кар'ерай адначасова. На жаль, я не знайшла аптымальнага рашэння, якое дазволіла б сумяшчаць гэтыя дзве важныя вобласці жыцця для мяне", — патлумачыла біятланістка прычыны свайго рашэння.