Вы тут

Борыс Джонсан пакідае пасаду міністра замежных спраў Вялікабрытаніі

Борыс Джонсан. Фота: Reuters

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан падаў у адстаўку. BBC звязвае гэта з узмацненнем палітычнага крызісу, прычынай якога стаў выхад Брытаніі са складу Еўрасаюза.

9 ліпеня гэта ўжо другая адстаўка ў кабінеце міністраў. Раней аб сваім сыходзе заявіў міністр па справах брэкзіта Дэвід Дэвіс.

Імаверна, галоўнай прычынай гэтых адставак сталі рознагалоссі Джонсана і Дэвіса з брытанскай прэм'ер-міністаркай Тэрэзай Мэй. Джонсан і Дэвіс — прыхільнікі "жорсткага брэкзіту", а Мэй выступае за "мяккі" разрыў адносін з ЕС, які мае на ўвазе захаванне максімальна цесных гандлёвых сувязяў з кантынентальнай Еўропай.

Аб адстаўцы Джонсана стала вядома за паўгадзіны да звароту Тэрэзы Мэй да парламента пра план выхаду Брытаніі з ЕС.

Урад Вялікабрытаніі распаўсюдзіў з нагоды адстаўкі Борыса Джонсана сухую заяву:

"Сёння днём прэм'ер-міністр прыняла адстаўку Борыса Джонсана з пасады міністра замежных спраў. Афіцыйна пра гэта будзе абвешчана пазней. Прэм'ер-міністр дзякуе Борысу за праведзеную працу".

Крыху пазней, стала вядома, што новым міністрам Вялікабрытаніі па справах brexit стаў Дамінік Рааб. Hаней ён займаў пасаду намесніка міністра па справах рэгіёнаў і мясцовага самакіравання.